У Мінску судзілі жанчыну, якая ў 2020-м несла вялізны бел-чырвона-белы сцяг
Вялізны бел-чырвона-белы сцяг на вулічнай акцыі 2020-га ў Мінску
У Мінску судзілі жанчыну, якая ў 2020-м разам з іншымі пратэстоўцамі несла вялікі бел-чырвона-белы сцяг. Сняжане Марозавай, прадаўцу-кансультанту ў таварыстве з абмежаванай адказнасцю, прызначылі 2 гады і шэсць месяцаў "хатняй хіміі", піша spring96.org.
Справу Марозавай у студзені разглядаў суд Ленінскага раёна беларускай сталіцы (суддзя — Юлія Шчоткіна). Жанчыну апазналі па фотаздымку з інтэрнэта. У яе кватэры правялі ператрус, знайшлі байку і джынсы, у якіх мінчанка была на пратэснай акцыі. Сняжану Марозаву абвінавацілі ў "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх". Сцвярджалася, што яна "выкарыстоўвала ў якасці пратэснай сімволікі палотнішча бел-чырвона-белага колеру і выкрыквала лозунгі", выходзіла на праезную частку вуліц.
Пасля абвяшчэння прысуду Марозаву вызвалілі ў зале суда.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.