У Мінску зачыняюцца ўсе фірмовыя крамы Columbia
Крама Columbia
У Мінску бліжэйшым часам зачыняцца ўсе тры крамы Columbia, даведаўся Office Life. Закрыццё адбудзецца пасля распродажу рэштак прадукцыі.
У беларускай сталіцы да апошняга часу працавалі тры крамы гэтага брэнда — у гандлёвых цэнтрах "Скала", "Замак" і Green City. У іх прадаваліся вопратка і аксэсуары для актыўнага адпачынку амерыканскай кампаніі Columbia Sportswear Company.
Для кліентаў, у якіх ёсць карткі лаяльнасці гэтай гандлёвай сеткі, да 13 студзеня дзейнічаюць зніжкі на любую вопратку ва ўсіх трох крамах — 40%. Магчыма, гэты тэрмін падоўжаць да канца студзеня.
У Office Life мяркуюць, што пазней для распродажу рэштак прадукцыі зніжкі будуць зробленыя для ўсіх пакупнікоў.
Апошнім часам у Беларусі нярэдка зачыняюцца гандлёвыя сеткі, якія маюць заходняе паходжанне. Летась зачынілася сетка дзіцячага адзення "Буслік", асноўным акцыянерам і пастаўшчыком якой была польская кампанія. Увосень у Мінску зачынілася сетка крамаў польскага абутку Wojas.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.