У Мінску заклікалі ўлады Беларусі неадкладна вызваліць палітзняволеных

У Мінску заклікалі ўлады Беларусі неадкладна вызваліць палітзняволеных

Беларускія праваабаронцы і апазіцыянеры заклікалі ўлады Беларусі неадкладна вызваліць палітзняволеных. Такі заклік прысутнічае ў рэзалюцыі форума "Свабоду палітвязням!", які напярэдадні прайшоў у Мінску. Як адзначае БелаПАН, правядзенне мерапрыемства звязана са з'яўленнем у краіне новых асобаў, якіх дэмакратычная грамадскасць лічыць палітзняволенымі. Гаворка ідзе пра блогера Эдуарда Пальчыса (Джона Сільвера) і Уладзіміра Кондруся. Калі апошні праходзіць па справе аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года ў Мінску, дык першы абвінавачваецца ў распальванні варажнечы па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці ды ў вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў (яго справу ўжо перадалі ў Мінскі гарадскі суд).

У форуме "Свабоду палітвязням!" паўдзельнічалі 20 чалавек, а сярод іх былыя палітвязні Мікалай Аўтуховіч, Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец. У рэзалюцыі таксама адзначаецца, што, нягледзячы на знятыя санкцыі з Аляксандра Лукашэнкі, вызваленне палітзняволеных у 2015 годзе, кантакты ўладаў Беларусі з еўрапейскімі палітыкамі, "рэжым ва ўмовах эканамічнага крызісу і "парламенцкай кампаніі" пачаў новую хвалю рэпрэсій супраць незалежнай супольнасці і дэмакратычных актывістаў". Удзельнікі мерапрыемства заклікалі ўлады спыніць пераслед удзельнікаў мірных акцый пратэсту, вызваліць палітзняволеных і рэабілітаваць іх.

На форуме быў складзены спіс асобаў, якіх яго ўдзельнікі лічаць палітвязнямі. У яго ўвайшлі 16 чалавек, у тым ліку і Тарас Аватараў, які пасля вяртання з Данбаса з зоны АТА быў асуджаны ў Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі