У Мінску затрымалі бізнесмена, які займаўся вырабам наркотыкаў (фота)
Хлопца, які з’яўляецца заснавальнікам адной са сталічных аўтамыек, затрымалі, калі ён вяртаўся дадому з крамы.
25-гадовага мінчаніна затрымалі па падазрэнні ў арганізацыі вытворчасці і каналу збыту праз інтэрнэт наркотыкаў і псіхатропаў. Маладога чалавека арыштавалі, калі ён вяртаўся дадому з крамы: па дарозе ён паспеў закласці скруткі з псіхатропамі ў пяці схованках. Адразу пасля затрымання яго абшукалі і знайшлі ў ніжняй бялізне яшчэ 15 падрыхтаваных скруткаў з асабліва небяспечным псіхатропным рэчывам.
Пазней аператыўнікі высветлілі, што ў кватэры, дзе наркадзялок жыў са сваёй дзяўчынай, была арганізаваная сапраўдная лабараторыя для вытворчасці наркотыкаў і псіхатропаў. У спецыяльна абсталяванай шафе вырошчвалася марыхуана. Міліцыя канфіскавала болей за паўкілаграмы раслінаў з утрыманнем наркатычных рэчываў, а таксама насенне для іх вырошчвання. Апроч таго, у кватэры знайшлі 4 грамы гашышу, 88 грамаў гатовай для спажывання марыхуаны, 154 грама рэчыва расліннага паходжання, якое мела ў сваім складзе псіхатропнае рэчыва.
Таксама супрацоўнікі наркакантролю знайшлі і 86 псіхатропных “марак”, 100 расфасаваных пакетаў з гатовымі да спажывання рэчывамі, 100 грамаў рэагенту для вырабу псіхатропаў.
Яшчэ адзін склад аператыўнікі знайшлі ў машыне арыштаванага — у салоне “Пежо 406” былі схаваныя яшчэ 16 гатовых “доз”. Як прызнаўся хлопец, машыну ён набыў за прыбыткі ад гандлю наркотыкамі, як і аўтамыйку.
На падазраванага завялі крымінальную справу, яго змясцілі пад варту, паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкаму.