У Мінску зносяць стары квартал побач са знакамітай воданапорнай вежай
Адміністрацыя Маскоўскага раёна Мінска ладзіць грамадскае абмеркаванне праекта забудовы ў раёне вуліц Чыгуначнай і Мініна — непадалёк ад знакамітай воданапорнай вежы. Траціна тэрыторыі, на якой неўзабаве мусіць разгарнуцца будоўля, цяпер занятая жыллём.
Тут няма такога ансамбля будынкаў, як у Асмолаўцы, на абарону якой дружна падняліся мінчукі. Але ёсць старыя будынкі, якіх крыху шкада. А мясцовыя жыхары кажуць, што з імі дагэтуль не ўзгодненыя пытанні пераезду.
Дагэтуль не атрымалі прапановаў ад забудоўшчыка, а суседні дом ужо зносяць
Жыхары дома №13 па вуліцы Чыгуначнай яшчэ ў студзені 2019 года атрымалі рашэнне Мінгарвыканкама аб адабранні зямельных участкаў. На працягу двух гадоў кампанія "Белбізнесрэсурсы", што выйграла аўкцыён па продажы гэтай тэрыторыі, мусіла рассяліць жыхароў квартала.
— Мы дагэтуль не атрымалі ад забудоўшчыка ніякіх пэўных прапаноў па пераездзе, — скардзяцца Еўрарадыё жыхары дома №13. — Ведаем толькі, што будаўніча-мантажнаму ўпраўленню, якое займала дом №11 па вуліцы Чыгуначнай [драўляны зялёны двухпавярховік. — Еўрарадыё], напярэдадні Новага года прапанавалі грашовую кампенсацыю, а будынак апячаталі.
Крэпкі цагляны двухпавярховік, у якім яны жывуць, яшчэ не выглядае закінутым. А знос суседняга дома ўжо ў самым разгары.
— Мы не надта разумеем, пра якое грамадскае абмеркаванне можа ісці гаворка, калі гэтую тэрыторыю прадалі з аўкцыёну яшчэ два гады таму, — працягваюць жыхары квартала. — І пры гэтым мы ўсё чакаем, што нам прапануюць наўзамен за нашае жыллё.
Паводле праекта, на месцы прамысловых і камунальных зон паўстануць жылыя і грамадскія. На месцы малапавярховага жылля паўстануць шматпавярховікі. Прыватны сектар пакінуць, але маюць намер ушчыльніць: замест 2,7 тысячы чалавек, якія жывуць тут цяпер, будзе 6,9 тысячы.
Адзіная Дзіцячая харэаграфічная школа ў Мінску ператворыцца ў агульнаадукацыйную
Планам прадугледжана, што ў квартале збудуюць дзіцячы садок, а Дзіцячую харэаграфічную школу — адзіную ў Мінску — перапрафілююць у агульнаадукацыйную. Дырэктарка ДХШ заслужаная дзяячка культуры Ірына Дарохіна рашуча нязгодная са зменай профілю школы.
— Наша школа як асобная ўстанова паспяхова працуе ўжо амаль 30 гадоў. Мы падрыхтавалі артыстаў для Музычнага тэатра, ансамбля "Харошкі", арт-гурта "Беларусы" і безліч каго яшчэ. У нас вучацца дзеці ўсіх узростаў — прыязджаюць з Малінаўкі, Курасоўшчыны, Серабранкі, Трактарнага завода, Прылукаў, Новага Двара, Бараўлян і нават Фаніпаля.
У лютым 2017 года школа скончыла капітальны рамонт першага корпуса. Дарохіна кажа, што цяпер тут ёсць дзевяць адмысловых класаў з розным пакрыццём падлогі для розных танцаў. І што, зрабіць на гэтым месцы звычайную агульнаадукацыйную школу?
Еўрарадыё спрабавала звязацца з адміністрацыяй Маскоўскага раёна і кампаніяй "Белбізнесрэсурсы", але пакуль што нашыя пытанні застаюцца без адказаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.