У Нацбанку Беларусі заявілі, што даплата за расійскі газ не ўплывае на стан ЗВР

У Нацбанку Беларусі заявілі, што даплата за расійскі газ не ўплывае на стан ЗВР

У Нацыянальным банку Беларусі заявілі, што даплата за расійскі газ не паўплывае на стан ЗВР. “Золатавалютныя рэзервы не знізяцца”, — цытуе словы першага намесніка старшыні праўлення Нацбанка Тараса Надольнага БЕЛТА. Паводле яго слоў, на сённяшні дзень ідзе праца над тым, каб выкарыстаць іншыя варыянты прыцягнення рэсурсаў. “Выпускаем аблігацыі, Міністэрства фінансаў таксама працуе на рынках, таму рэзервы не знізяцца”, — сказаў Надольны. Пры гэтым ён прызнаў, што на даплату часткова былі выкарыстаны сродкі золатавалютных рэзерваў. “Але той недахоп, які сышоў з рэзерваў, мы кампенсуем”, — адзначыў першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка. Ён удакладніў, што часткова выкарыстоўваліся сродкі з “бягучай ліквіднасці” Нацбанка, а яна “не адносіцца да рэзервовых актываў”.

Пра тое, што Беларусь цалкам ліквідавала запазычанасць за пастаўкі расійскага газу, стала вядома 13 красавіка з паведамлення “Газпраму”. Было заплачана 726,2 млн долараў. Улады Беларусі лічылі кошт на расійскі газ несправядлівым і з 2016 года сталі плаціць у аднабаковым парадку меншую суму. Масква пачала падлічваць беларускі доўг, які ў Мінску не прызнавалі. Канфліктная сітуацыя вырашылася 3 красавіка па выніках сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.

На 1 красавіка 2017 года золатавалютныя рэзервы нашай краіны складалі 5 млрд 16,1 млн долараў. У першым квартале бягучага года ЗВР выраслі на 88,9 млн долараў (на 1,8%).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі