У Навагрудку за грамадзянскую пазіцыю звальняюць дзвюх супрацоўніц музея
Галіна Кавальчук вядзе экскурсію для дзяцей / фота з сацсетак музея
За сваю грамадзянскую пазіцыю без працы засталіся дзве супрацоўніцы Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея. З Галінай Кавальчук і Тамарай Вяршыцкай не працягнулі кантракты, паведамляе "Белсат".
Кавальчук працавала ў музеі 22 гады. У 2019-м раённыя ўлады прызналі яе "найлепшым музейным работнікам".
Вяршыцкая — заснавальніца музея яўрэйскага супраціву ў Навагрудку, падтрымлівала кантакты са сваякамі Дональда Трампа. Кушнеры — продкі зяця Трампа — былі ў Навагрудскім гета і збеглі адтуль у лес да партызанаў. Сват Трампа Чарльз Кушнер неаднаразова бываў у Навагрудку і нават часткова прафінансаваў стварэнне мемарыяла "Сцяна памяці".
У Кавальчук кантракт заканчваецца сёння, у Вяршыцкай — у пачатку красавіка. Абедзве жанчыны праводзілі ў нядзелі экскурсіі для жыхароў Навагрудка. Сярод іх слухачоў былі людзі, асуджаныя па арт. 23. 34 КаАп. У канцы студзеня Вяршыцкую забралі ў РАУС проста з экскурсіі, аднак потым адпусцілі.
Жыхары Навагрудка пачалі збор подпісаў у падтрымку супрацоўніц музея — просяць іх не звальняць. Аўтары звароту адзначаюць, што звальненне такіх дасведчаных супрацоўнікаў можа паралізаваць навуковую працу музея. Дакумент з подпісамі плануюць перадаць у Міністэрства культуры.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.