У новым сезоне галоўным трэнерам ХК "Дынама-Мінск" будзе Гордзі Дуаер

У новым сезоне галоўным трэнерам ХК "Дынама-Мінск" будзе Гордзі Дуаер

У новым сезоне галоўным трэнерам ХК "Дынама-Мінск" па-ранейшаму будзе Гордзі Дуаер. З 40-гадовым канадскім спецыялістам, які працуе з камандай з 2017-га, працягнулі кантракт на год, інфармуе прэс-служба клуба.

Гендырэктар мінскага "Дынама" Анатоль Курылец адзначае, што былі і іншыя кандыдатуры на пасаду галоўнага трэнера, але пасля аналізу вынікаў мінулага сезону вырашылі: камандзе патрэбны менавіта Дуаер. "Гэта малады, але ўжо досыць вопытны і амбіцыйны спецыяліст, які прайшоў школу НХЛ і КХЛ, — кажа Курылец. — Ён шмат новага і цікавага прыўнёс у наш клуб і прыўнясе яшчэ ў будучыні. Побач з ім прагрэсуюць не толькі беларускія гульцы, але і нашы спецыялісты, якія ўваходзяць у трэнерскі штаб каманды".

У мінулым сезоне "Дынама", у якім змяніўся галоўны трэнер і быў моцна абноўлены склад, не здолела прабіцца ў плэй-оф КХЛ. У новым сезоне задача будзе тая ж. Каманда мусіць "пашумець у накаўт-раўндзе", а на працягу ўсяго сезону паказваць яркую і стабільную гульню, падкрэсліў гендырэктар хакейнага клуба.

Як паведамляла Еўрарадыё, 27 сакавіка міністр унутраных спраў, старшыня назіральнага савета "Дынама" Ігар Шуневіч праінфармаваў Аляксандра Лукашэнку пра сітуацыю ў камандзе. Ён прапанаваў у будучым сезоне захаваць цяперашні трэнерскі штаб. Як бачым, кіраўнік дзяржавы прапанову падтрымаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі