У Оршы паставяць флагшток за 5,7 мільёна рублёў
Праект флагштока ў Оршы
У Оршы плануюць паставіць флагшток вышынёй 58 метраў — гэта вышыня 18-павярховага дома. Узвесці яго мяркуюць у парку Герояў насупраць Лядовай арэны.
Абмеркаванне праекта прайшло ў Аршанскім райвыканкаме, піша мясцовая дзяржаўная газета.
"Паставіць флагшток мяркуецца ў цэнтры плошчы памерам 45 на 60 метраў. "У цэнтры будзе ўсталяваны флагшток вышынёй да 60 м з подыумам васьміграннай формы. На адной з граняў размесціцца Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь. Побач з флагштокам прадугледжана ўстаноўка асобна пастаўленай архітэктурнай канструкцыі ў стылізацыі дзяржаўнага сцяга з размяшчэннем на ім слоў гімна Рэспублікі Беларусь. Таксама праектам прадугледжана ўладкаванне падсвятлення флагштока, добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі", — дзеліцца падрабязнасцямі начальнік архітэктурна-планіровачнага аддзела інстытута "Віцебскграмадзянпраект" Аляксандр Цярэшчанка.
Дзеля флагштока мяркуюць перанесці цяперашні прыпынак гарадскога грамадскага транспарту і зрабіць на яго месцы пляцоўку для часовай стаянкі турыстычных аўтобусаў.
У дакументацыі праекта, вынесенай на грамадскае абмеркаванне гаворыцца, што флагшток з прылеглай тэрыторыяй абыйдуцца (у расцэнках на 1 жніўня 2024 года) у 5,7 мільёна рублёў, або крыху менш за 1,9 мільёна долараў.
"Такім чынам, пры дэфіцыце бюджэту ў 18 млн рублёў Орша мае намер паставіць флагшток коштам у 5,7 млн рублёў", — канстатуе канал "Віцебск, я гуляю".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.