У Партызанскім раёне Мінска выкрылі наркапрытон (відэа)
Міліцыя таксама здолела не толькі разагнаць прытон, але і выйсці на пастаўшчыка наркотыкаў.
Супрацоўнікі аддзелу наркакантролю Партызанскага РУУС сталіцы дзякуючы аператыўнай інфармацыі выкрылі наркапрытон у адной з кватэр на вуліцы Каліноўскага. Гаспадаром кватэры выявіўся 23-гадовы непрацоўны і раней судзімы малады чалавек. У часе рэйду, міліцыя знайшла ў яго жытле каля 40 грамаў марыхуаны і каля 3 грамаў гашышу. Затрыманы запэўніваў, што трымаў дома наркотыкі выключна ў асабістых мэтах і не збіраўся іх прадаваць.
У выніку далейшых аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў міліцыянты выявілі крыніцу паступлення гашышу. Гандляром апынуўся аднагодка затрыманага, які таксама спажывае наркотыкі. Ён патлумачыў, што прывозіў гашыш з Расіі. У яго кватэры знайшлі болей за 20 грамаў гэтага наркотыку, расфасаванага для продажу ў скруткі. Адметна, што якраз у момант затрымання падазраванага, да яго па наркотыкі наведаўся пакупнік. Яго таксама затрымала міліцыя.
На траіх фігурантаў завялі крымінальныя справы. Прадаўцу пагражае 15 гадоў турмы, пакупнікам — да пяці год, паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкаму.