У Пінску адзначылі ўгодкі кананізацыі Святога Андрэя Баболі (фота)
На святкаванне 75-х угодкаў з дня кананізацыі святога Андрэя Баболі з’ехаліся каталіцкія біскупы і прадстаўнікі грэка-каталіцкай царквы з Беларусі, Польшчы і Украіны.
Перад пачаткам урачыстасцяў іерархі беларускага касцёла на чале з мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам правялі прэс-канферэнцыю. На ёй распавялі пра жыццё беларускага святога. Як высветлілася, нават Янка Купала быў уражаны асобаю Андрэя Баболі і прысвяціў яму дзве паэмы, якія, праўда, не вывучаюць у беларускіх школах.
Потым у пінскай катэдры адбылася святая імша ў гонар палескага апостала. Яе правёў апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці.
Асноўныя мерапрыемствы святкавання ўгодкаў кананізацыі Святога Андрэя Баболі адбудуцца 16 траўня ў Янаве. У гэты дзень туды традыцыйна прыбываюць пілігрымы з усёй Беларусі і Польшчы, ладзіцца хрэсны ход да месца забойства святога. Там сёння стаяць два вялікія крыжы (каталіцкі і праваслаўны) і вялікі камень з мемарыяльнай дошкай.
16 мая 1657 года ксяндза Андрэя Баболю схапілі ўкраінскія казакі. Яго прымушалі адмовіцца ад каталіцкай веры, жорстка мучылі, а потым забілі.