У Полацку настаўніца выставіла сабе “лішнія гадзіны” на 2000 рублёў
У Полацку настаўніца выставіла сабе ў табель “лішнія гадзіны”, якія не адпрацоўвала, і такім спосабам яна завышала сабе заробак. Як паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суда, на педагагічную работніцу завялі крымінальную справу паводле ч.1 арт. 209 КК (махлярства).
Суд вызначыў, што настаўніца дадавала ў табель уліку працоўнага часу навучальныя гадзіны, але гэтыя заняткі не праводзіла. Усяго з верасня 2016 года па травень 2017 года яна запісала сабе 551 гадзіну, на якіх зарабіла 2073 рублі 29 капеек. Гэтыя грошы ёй пералічвалі ў выглядзе заробку.
Санкцыя за такое злачынства — грамадскія працы, штраф, папраўчыя працы, арышт, абмежаванне або пазбаўленне волі на тэрмін ад 6 месяцаў да трох гадоў. Абвінавачаная цалкам кампенсавала страту, таму суд вызваліў яе ад крымінальнай адказнасці і прызначыў толькі адміністратыўнае пакаранне — 30 базавых велічыняў (735 рублёў).