У Расіі доктарка лекавала сына нетрадыцыйнай медыцынай — дзіця памерла
У расійскім Санкт-Пецярбуру доктарку-педыятр прызналі вінаватай у смерці свайго ўласнага сына — яна спрабавала вылекаваць дзіця ад дыябету метадамі нетрадыцыйнай медыцыны. Імя жанчыны — Ірына Страшынская. Ёй прызначылі дзесяць месяцаў папраўчых працаў за прычыненне смерці па неасцярожнасці.
Як піша meduza.io, 10 студзеня жанчына адвезла сына ў Яраслаўль і там практыкавала з ім масаж і дыхальную гімнастыку, якія з’яўляюцца метадамі ўсходняй медыцыны. Яна не рабіла хлопчыку ін’екцыі інсуліну, і праз гэта дзіця памерла ўсяго праз тры дні.
У доктаркі раней не было судзімасці, яна мае дваіх непаўналетніх дзяцей і цалкам прызнала сваю віну.
У Расіі часта распачынаюць крымінальныя справы ў дачыненні да бацькоў, якія адмаўляюцца выконваць прадпісанні лекараў. Найбольш вядомыя справы гэтак званых ВІЧ-дысідэнтаў, якія не вераць у існаванне вірусу імунадэфіцыту чалавека.