У Рэчыцкім раёне настаўніцу-фальшываманетчыцу адправілі на 5,5 года ў калонію
У Рэчыцкім раёне настаўніцу-фальшываманетчыцу адправілі на 5,5 года ў калонію агульнага рэжыму. Яе прызналі вінаватай у вырабе, захоўванні і збыце падробленых грошай, а таксама ў крадзяжы. Суд Рэчыцкага раёна прысудзіў таксама канфіскацыю маёмасці, інфармуе БЕЛТА.
Як паведамляла Еўрарадыё, настаўніца малодшых класаў трапіла ў поле зроку праваахоўнікаў пасля таго, як расплацілася ў краме падробленай купюрай. Міліцыя правяла ператрус у яе доме, былі знойдзеныя падробленыя банкноты наміналам 50 тысяч, 100 тысяч і 200 тысяч беларускіх рублёў, 100 долараў, а таксама аркушы з каляровымі і чорна-белымі выявамі банкнот. Была канфіскаваная камп'ютэрная тэхніка, каляровая друкарка.
Эксперты сцвярджаюць, што падробкі маюць нізкую якасць. Адзначаецца, што педагог з 20-гадовым стажам раней не мела праблем з законам. Паводле яе слоў, на злачынства яна пайшла з-за фінансавых цяжкасцяў: яна ўзяла ў банках крэдыты і не магла іх аплачваць. Тады жанчына і пачала дома "друкаваць" грошы, якімі разлічвалася ў краме і на пошце. Таксама яна падменьвала ў свайго бацькі сапраўдныя грошы на фальшыўкі.
Прысуд яшчэ не набыў законную сілу.