У сацсетках жартуюць: гасцей Еўрагульняў здзівім трубамі на даху "Дынама". Фота
Рэканструкцыя стадыёна "Дынама" ў Мінску ўжо прыносіла нямала сюрпрызаў і нечаканасцяў. Высветлілася, што казырок верагодна не прыкрывае ўсе трыбуны, што, праўда, аспрэчваў міністр спорту (ужо былы). Пасля над стадыёнам узвялі асвятляльныя мачты, якія выглядаюць не вельмі эстэтычна. А нядаўна з'явіліся здымкі вентыляцыйных трубаў на даху "Дынама". Раней было спадзяванне, што яны часовыя і іх здымуць. Аднак яны там застаюцца!
У каментары да фота Антон Дамагараў піша ў сацсетцы: "На вялікі жаль, трубы, якія тырчаць з даху, аказаліся не часовымі. Гэта сапраўды вентыляцыя. Пажарная бяспека перамагла эстэтычны складнік".
Як вядома, ужо ў пачатку лета 2018-га стадыён "Дынама" мусіць прыняць першыя спаборніцтвы. У 2019 годзе на ім пройдуць II Еўрапейскія гульні.