У сакавіку моладзь у Мінску пачнуць тэставаць на схільнасць да наркотыкаў
У эксперыменце паўдзельнічаюць школьнікі, навучэнцы і студэнты.
У сакавіку мінскіх школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў пачнуць тэставаць на схільнасць да наркотыкаў. Пра гэта паведаміла кіраўніца аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай працы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Ганна Рысявец. Паводле яе слоў, тэставанне ў эксперыментальным рэжыме пройдзе толькі ў некаторых навучальных установах. Мэтай псіхасацыяльнага анкетавання з'яўляецца выяўленне тых, хто хто можа прызвычаіцца да наркотыкаў або алкаголю. У выпадку неабходнасці пасля анкетавання можа праводзіцца медагляд, інфармуе БЕЛТА.
Адзначым, што летась на ўлік у Мінскі наркалагічны дыспансер з дыягназам "наркаманія" паставілі 1370 чалавек, у тым ліку 188 падлеткаў. Агулам на ўліку стаяць 6435 дзяцей.
Нагадаем, нядаўна міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў заявіў, што ў Беларусі тэставаць школьнікаў на схільнасць да наркотыкаў пачнуць з новага навучальнага года — з верасня 2015-га.
Фота: Fotolia