У Санкт-Пецярбургу знялі з самалёта і затрымалі кіраўніка "Адкрытай Расіі"
Андрэя Піваварава дастаўляюць на ператрус / twitter.com/brewerov
У Санкт-Пецярбургу напярэдадні вечарам затрымалі былога выканаўчага дырэктара "Адкрытай Расіі" Андрэя Піваварава. Яго знялі з борта самалёта, які ўжо рыхтаваўся вылятаць у Варшаву. Пра гэта сам Півавараў паведаміў у Twitter.
"Ляцеў адпачыць, прайшоў мытню ніякіх пытанняў не было. Самалёт ужо прайшоў рулежку, як раптам стоп. Пад'ехалі мянты і вывелі мяне. Цяпер я ў ФСБ Пулкава", — напісаў ён.
Піваварава затрымалі ў межах крымінальнай справы, распачатай па артыкуле "Ажыццяўленне дзейнасці непажаданай арганізацыі", паведамляе Бі-бі-сі са спасылкай на адваката Алену Барадзіну. Адвакат адзначыла, што гэта крымінальная справа была заведзеная 29 траўня — праз два дні пасля таго, як "Адкрытая Расія" абвясціла аб поўнай ліквідацыі.
Андрея Пивоварова выводят после обыска с конвоем в бронежилетах
— Андрей Пивоваров (@brewerov) June 1, 2021
Видео: Денис Луговский pic.twitter.com/PYIp4DGur0
Раніцай у аўторак стала вядома, што паліцыя прыйшла з ператрусам і да былога старшыні "Адкрытай Расіі" Аляксандра Салаўёва.
"Адкрытая Расія" абвясціла аб спыненні сваёй дзейнасці 27 траўня. Рашэнне было прынята з-за паправак, якія цяпер разглядае Дзярждума. Папраўкі пакуль прыняты ў першым чытанні. Яны ў тым ліку прадугледжваюць крымінальную адказнасць за ўдзел у дзейнасці непажаданай арганізацыі ўжо пасля першага прыцягнення па адміністрацыйным артыкуле, а не другога, як цяпер.
"Нам не патрэбныя новыя штрафы і крымінальныя справы, і мы хочам абараніць нашых прыхільнікаў", — патлумачыў рашэнне аб ліквідацыі арганізацыі Півавараў.
У свой час ініцыятарам стварэння "Адкрытай Расіі", якая раней існавала як сеткавы рух, быў Міхаіл Хадаркоўскі. Ён стварыў яе для развіцця ў Расіі грамадзянскай актыўнасці і творчай ініцыятывы, зацвярджэння дэмакратычных каштоўнасцяў, умацавання інстытутаў грамадзянскай супольнасці і іншых крокаў, накіраваных на інтэграцыю краіны ў сусветную супольнасць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.