У сераду ўначы ў Беларусі на глебе чакаюцца слабыя замаразкі
У сераду, 8 чэрвеня, уначы пераважна ў Гомельскай вобласці на глебе чакаюцца слабыя замаразкі (да 0, мінус 1 градуса). У начныя гадзіны тэмпература складзе 4-10 градусаў са знакам плюс, на паўднёвым усходзе — 1-3 цяпла, пераважна без ападкаў. У дзённыя гадзіны прагназуецца ад 18 да 24 градусаў вышэй за нуль, кароткачасовыя дажджы магчымыя месцамі на поўначы Беларусі. Найбольш ападкаў на бягучым тыдні будзе ў чацвер і ў суботу, напісаў у сваім Facebook начальнік службы гідраметэапрагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролюрадыеактыўнага забруджання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў.
У чацвер, 9 чэрвеня, кароткачасовыя дажджы пройдуць амаль па ўсёй тэрыторыі нашай краіны. Месцамі магчымыя навальніцы, а ў Гомельскай вобласці ўдзень нават град. Уначы тэмпература паветра складзе 5-12 цяпла, удзень — 13-20 градусаў са знакам плюс (на Гомельшчыне адпаведна 13-15 і 21-23 цяпла).
У пятніцу, 10 чэрвеня, кароткачасовыя дажджы прагназуюцца пераважна на паўднёвым усходзе Беларусі, удзень у асобных раёнах — навальніцы. У начныя гадзіны чакаецца ад 3 да 9 градусаў вышэй за нуль (у Гомельскай вобласці — да плюс 11), у дзённыя — 15-22 цяпла. У суботу ўдзень будзе толькі 11-17 градусаў са знакам плюс, у нядзелю ўжо 16-23.
Цяпло вернецца на наступным тыдні, абяцае Дзмітрый Рабаў.