У Турцыі арыштаваны брат прапаведніка Фетхулаха Гюлена
Паліцыя Турцыі арыштавала брата Фетхулаха Гюлена, якога ўлады вінавацяць у арганізацыі няўдалага ваеннага перавароту. Кутбетын Гюлен стаў першым з блізкіх прапаведніка, які трапіў пад арышт, паведамляе Бі-бі-сі. Паведамляецца, што антытэрарыстычнае падраздзяленне паліцыі змагло знайсці яго па наводцы аднаго са сваякоў.
Сам Фетхулах Гюлен, які зараз жыве ў ЗША, катэгарычна адмаўляе сваю датычнасьць да спробы звяржэння прэзідэнта Рэджэпа Эрдагана.
Нацыянальны савет бяспекі Турцыі ў сераду заклікаў падоўжыць рэжым надзвычайнага становішча ў краіне. Па меркаванні савета, гэты рэжым дазволіць забяспечыць абарону дэмакратыі ў краіне, дапаможа аднавіць закон і абараніць правы і свабоды грамадзян Турцыі.
Рэжым надзвычайнага становішча быў уведзены 20 ліпеня пасля няўдалай спробы дзяржаўнага перавароту, якая адбылася сёлета 15 ліпеня. Надзвычайнае становішча ў краіне павінна было працягнуцца тры месяцы.