Топ-5: навіны 17 красавіка

Топ-5: навіны 17 красавіка

Слухаць цалкам:

Паказанні выкладчыкаў уратавалі студэнта ад адміністрацыйнага пакарання 

17 красавіка Першамайскі суд Мінска апраўдаў актывіста Рамана Пратасевіча, якога вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі ў Курапатах.

Паводле пратакола, 25 лютага а 10-й гадзіне юнак удзельнічаў у акцыі ў Курапатах. Сам Пратасевіч прынёс у суд даведку, што ў гэты час ён здаваў іспыты ў Інстытуце журналістыкі БДУ.

17 красавіка суд выслухаў сведкаў — выкладчыц БДУ Вольгу Горбач і Маргарыту Цыбульскую. Яны пацвердзілі, што з 10-й да 12-й гадзіны прымалі іспыт, які Пратасевіч, дарэчы, здаў. У выніку, суддзя вырашыў спыніць адміністрацыйную справу супраць хлопца, бо яго віна не даказаная. 

Топ-5: навіны 17 красавіка
Каля лагера абаронцаў Курапатаў. Пачатак сакавіка 2017-га. Фота: Еўрарадыё

Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры атрымала адказ з мінскай пракуратуры з нагоды законнасці вылучэння зямлі каля мемарыяла “Курапаты” пад будаўніцтва офіснага цэнтра. На момант правядзення аўкцыёну гэты ўчастак зямлі ўваходзіў у ахоўную зону помніка.

Як вынікае з афіцыйнага ліста мінскай пракуратуры, у інстытуце “Белдзіпразем”, які займаецца землеўпарадкаваннем, проста не ведалі, што там былі ахоўныя зоны. Таму і адбыўся аўкцыён.

Тым часам мінскія ўлады дазволілі КХП БНФ правесці ў Мінску мітынг з нагоды гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Ён адбудзецца 26 красавіка з 18.00 да 20.00 у Кіеўскім скверы сталіцы.

Топ-5: навіны 17 красавіка
Фота: Еўрарадыё

Мінскія ўлады дазволілі правесці 26 красавіка вулічную акцыю “Чарнобыльскі шлях-2017”. Чыноўнікі прызначылі збор на 14.00 на пляцоўцы каля Акадэміі навук. Адтуль удзельнікі шэсця рушаць на плошчу Бангалор, дзе адбудзецца мітынг. Пра гэта заявіў адзін з заяўнікаў акцыі Дзяніс Садоўскі.

Па яго словах, такая рэакцыя ўладаў з’яўляецца “здзекам”, бо ў такі час у будні дзень людзі фізічна не змогуць прыйсці на мерапрыемства.

Садоўскі распавёў, што цяпер заяўнікі “Чарнобыльскага шляху” прымуць рашэнне наконт правядзення акцыі 18 красавіка.

Топ-5: навіны 17 красавіка
Фота: група HoodGraff у Вконтакте

У непрыемную гісторыю трапілі віцебскія графіцісты, якія падарожнічаюць па выспе Балі ў Інданэзіі. 12 красавіка іх затрымала мясцовая міграцыйная служба і абвінаваціла ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.

Падставай для затрымання стала чарговае графіці, якое намалявалі беларусы. Праз нейкі час іх адпусцілі, але пашпарты не вярнулі. Па словах кіраўніка стрыт-арт-каманды Арцёма Буржа, маладым людзям пагражае штраф у 37,5 тысячы долараў або да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Топ-5: навіны 17 красавіка
Фота: JAMnews

Кіраўнік Турцыі Рэджэп Эрдаган здолее займаць прэзідэнцкую пасаду да 2029 года. Гэта стала магчымым пасля рэферэндума, які адбыўся 16 красавіка.

Акрамя таго, 51 адсотак выбаршчыкаў пагадзіўся пераўтварыць Турцыю з парламенцкай рэспублікі ў прэзідэнцкую, а таксама скасаваць пасаду прэм'ер-міністра і аддаць усю выканаўчую ўладу ў рукі прэзідэнта.

Больш за тое, вышэйшы савет суддзяў і пракурораў цяпер узначаліць міністр юстыцыі, якога прызначыць непасрэдна прэзідэнт. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі