У Турцыі да гадавіны перавароту звольнена больш за 7 тысяч службоўцаў
Болей за 7 тысяч дзяржаўных службоўцаў звольнена ў Турцыі напярэдадні другой гадавіны дзяржаўнага перавароту. Масавае адхіленне чыноўнікаў ад працы адбылося паводле новага дэкрэту, апублікаванага ў пятніцу, 14 ліпеня.
Як перадаюць замежныя СМІ, у спісе на звальненне 2303 паліцыянта, 546 вайскоўцаў, 302 выкладчыкі ўніверсітэтаў і болей за 3000 супрацоўнікаў розных міністэрстваў. Усяго сваіх пасадаў пазбавілася 7348 чалавек.
Спроба дзяржаўнага перавароу ў Турцыі адбылася ў ноч на 16 ліпеня 2016 года. Асноўныя падзеі адбываліся ў Стамбуле і Анкары. Падчас сутычак загінула 260 чалавек. Пасля падаўлення бунту ў Турцыі абвясцілі надзвычайнае становішча. Разам з непасрэднымі ўдзельнікамі путчу арыштавалі болей за 50 тысяч службоўцаў, у тым ліку вайскоўцаў, суддзяў, універсітэцкіх выкладчыкаў. Каля 150 тысяч чалавек былі звольненыя з-за падазрэнняў у сувязях з апазіцыяй.
Турэцкія ўлады вінавацяць у арганізацыі мяцяжу прапаведніка Футхулу Гюлена, апанента прэзідэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана. Гюлен жыве ў ЗША з 1999 года і афіцыйная Анкара патрабуе яго экстрадыцыі. Сам прапаведнік адмаўляе свой удзел у спробе перавароту.