У турмах на Новы год не заўжды ўпрыгожваюць ялінкі

Еўрарадыё вырашыла даведацца, як святкуюць Новы год у турмах, калоніях і іншых “закрытых” установах. Аказалася, у гэты дзень вязням дазваляюць паглядзець тэлевізар на некалькі гадзін больш. У турмах ставяць ялінкі, але не заўсёды ўпрыгожваюць іх. У саміх турмах і ў Дэпартаменце па выкананні пакаранняў пра Новы год распавядаць адмаўляюцца. Кажуць толькі, што яго святкуюць усе, а значыць, і вязні таксама. Ніякіх падрабязнасцяў там не распавядаюць. Таму Еўрарадыё вырашыла задаць свае пытанні родным вязняў ці тым, хто ўжо на волі.

Мы пагутарылі з дачкой Аляксандра Казуліна Вольгай. Яна распавяла Еўрарадыё, што іх сямейныя традыцыі працягваюцца, нягледзячы на тое, што Аляксандр у турме.

Вольга Казуліна: “Тата распавядаў, што ў турме нічога нікому не трэба і Новы год для іх не свята. Усе апатычныя. Тата вельмі трапятліва ставіцца да Новага года. У нас у сям’і была такая традыцыя, што менавіта ён сам прывозіў ялінку, сам упрыгожваў яе, развешваў агеньчыкі. Для яго гэта вельмі важна. І вось ён распавядаў, што ён чакае там: хто-небудзь упрыгожыць ялінку ці не? А ў іх там на кожны атрад па ялінцы. За дзень да свята ён зразумеў, што нікому гэта не трэба, і сам з нейкім яшчэ чалавекам упрыгожваў яе. Яны выразалі з паштовак розных там жывёлак, і іх вешалі на елку. То бок, ялінкі ў іх ёсць, а вось упрыгожваюць іх там ці не… Я ведаю, што ў першым атрадзе будзе ўпрыгожаная, бо там мой бацька”.

У сям’і Казуліных ялінка на Новы год абавязкова мусіць быць жывой. І не звычайнай зялёнай, а блакітнай.

Вольга Казуліна: “Канешне, у нас штогод жывая ялінка. У мінулым годзе я вырашыла, што жывую не буду ставіць, пакуль бацька не вернецца. Але потым зразумела, што не, што традыцыі трэба аберагаць. І сёлета ў нас зноў жывая. Мы ўсе, канешне, будзем святкаваць дома, з бацькамі, у нас заўжды так. У дванаццаць гадзін мы абавязкова ўсе разам, а потым ужо, праз паўгадзіны-гадзіну, можам разбягацца па сваіх святкаваннях. І ў нас абавязкова блакітная ялінка”.

Павел Мажэйка, які быў “на хіміі” падчас пазамінулага Новага года, распавёў нам, што вязням дазвалялася класціся спаць пазней і глядзець тэлевізар.

Павел Мажэйка: “Натуральна, не дазвалялася ніякіх “моцных” напояў. Святочных вечароў таксама не было. Адзінае, было крышку паслабленне: можна было больш паглядзець тэлевізар. Бо звычайна “адбой” у 22 гадзіны, а тут можна было да дзвюх-трох ночы. Вось і ўвесь Новы год, і ўсё святкаванне”.

Хоць сам Павел усё ж сустрэў свята дома, з сябрамі і блізкімі.

Павел Мажэйка: “У мяне было такое пакаранне, што можна было раз на месяц, калі няма ніякіх парушэнняў, выязджаць за межы. Гэта дазвалялася афіцыйна. І таму я, канешне, выкарыстаў гэтую магчымасць, і таму я гэты Новы год сустракаў разам з сябрамі і блізкімі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі