У віцебскіх лясах злавілі грамадзян Казахстана з фальшывымі еўра
33-гадовы і 40-гадовы грамадзяне Казахстана прыехалі ў Беларусь, каб пагуляць у казіно. Спярша яны прыехалі ў Віцебск, а потым адправіліся ў буйное казіно ў Дубровенскім раёне. Але там ім не шчасціла: мужчыны прайгралі ўсе наяўныя грошы, паведамляе прэс-служба УУС Віцебскага аблвыканкама.
Мужчыны мелі пры сабе фальшывыя купюры і вырашылі абмяняць іх. У пункт абмену валют яны адправіліся з 5 тысячамі падробленых еўра. Аднак супрацоўніца банка распазнала фальшыўкі і выклікала міліцыю.
Зразумеўшы гэта, зламыснікі пачалі ўцякаць у лес. На іх пошук адпарвіліся супрацоўнікі мясцовага РАУС і АМАПу. Мужчын затрымалі, а потым па іх слядах знайшлі ў лесе месца, дзе яны выкінулі яшчэ 3 тысячы фальшывых еўра.
На абодвух пачалі крымінальную справу.
Віцебская міліцыя адзначае, што гэта адна з найбуйнейшых партый фальшывай валюты на тэрыторыі вобласці.