У Віцебску галасуюць за знятую з выбараў кандыдатку (фота)

Імя Вольгі Карач дагэтуль застаецца ў выбарчых бюлетэнях і на стэндах з інфармацыяй пра кандыдатаў у дэпутаты.
Як паведамляла Еўрарадыё, 20 красавіка яе знялі з выбарчай гонкі. Прычына – нібыта арганізацыя перашкодаў у правядзенні сустрэчы з выбаршчыкамі саперніка ды раздача паветраных балёнікаў.

На пытанне здзіўленых выбарцаў, ці можна галасаваць за Карач, сябры камісій адказваюць: “Вядома ж, няма праблем, галасуйце”. Сама знятая кандыдатка нагадвае, што паводле заканадаўства яе імя павінна быць выкрасленае з бюлетэняў, а партрэт заклеены.

Вольга Карач: “Куды потым гэтыя бюлетэні знікнуць ці што з імі будзе адбывацца – таксама невядома! Нават няма аніякіх афіцыйных абвестак пра тое, што мяне знялі. Я думаю, што гэта звязана з тым, што чыноўнікі баяцца хвалі народнага гневу і папросту хочуць нейкім чынам “збіць хвалю”. Таму што людзі ведаюць, што мяне знялі, і сапраўды абураныя. Учора была дзіўная сітуацыя. Адна чыноўніца сказала адной з маіх давераных асобаў: “А ўвогуле навошта Вользе Карач дэпутацтва? Яна і так працуе з людзьмі!”

Каманда Вольгі Карач працягвае займацца назіраннем на выбарчых участках. Сама знятая з гонкі кандыдатка абяцае, што інфармацыя пра ўсе зафіксаваныя парушэнні выбарчых працэдураў будзе апублікаваная. Найперш – для саміх выбарцаў.



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі