У Віцебску наркаманы з бітамі жорстка збілі жанчыну і двух мужчын
Перад гэтым усе яны ў адной з кватэр сумесна спажывалі наркатычныя рэчывы.
У Віцебску трое наркаманаў з бейсбольнымі бітамі жорстка збілі 24-гадовую жанчыну і двух мужчын ва ўзросце 26 і 37 гадоў. Як інфармуе БЕЛТА са спасылкай на ўпраўленне Следчага камітэта па Віцебскай вобласці, перад гэтым усе яны сумесна спажывалі наркотыкі. Пра тое, з-за чаго ўзнікла бойка, не паведамляецца.
Раніцай 5 сакавіка "хуткія" прывезлі ў бальніцу траіх пацярпелых у стане наркатычнага ап'янення і з чэрапна-мазгавымі траўмамі. Яны знаходзяцца ў рэанімацыі ў цяжкім стане. Праваахоўнікі затрымалі наркаманаў, якія збівалі знаёмых. Гэта — жыхары Віцебска. Дваім з іх па 23 гады, аднаму — 22. У кватэры знайшлі разламаную біту.
Па факце здарэння распачалі крымінальную справу. Артыкул — "наўмыснае нанясенне цяжкага цялеснага пашкоджання, здзейсненае ў адносінах трох асобаў".
Варта адзначыць, што біты нярэдка выкарыстоўваюцца беларусамі для "высвятлення адносінаў". Як паведамляла Еўрарадыё, 31-гадовы жыхар таго ж Віцебска забіў сваю 47-гадовую жонку драўлянай бітай, а потым заявіў у міліцыю пра яе знікненне. У Мінску сёлета 46-гадовы мужчына з бітай у руках напаў на калекцыянера манет. А вось у Ваўкавыску рабаўнік напаў на дзяўчыну і збіў яе мантыроўкай.
Фота: Fotolia