У Віцебску спалілі паўтары тоны макавай саломкі
Наркатычнае рэчыва знайшлі яшчэ ў 2012-м, але знішчылі толькі цяпер.
У Віцебску спалілі 87 мяхоў пустазелля, у якім было больш за паўтары тоны макавай саломкі. Як піша "Комсомольская правда", наркатычную сумесь віцебскія мытнікі затрымалі два з паловай гады таму.
Напрыканцы жніўня 2012 года ў пункце пропуску "Урбаны" мытнікі знайшлі ў фуры за легальным грузам 995 мяхоў насення маку. Агульны кошт наркатычнай кантрабанды складаў 1,25 мільярда рублёў.
Аддзяліўшы мак ад старонніх дадаткаў, эксперты атрымалі больш за паўтары тоны макавай саломкі. З нагоды кантрабанды наркотыкаў праваахоўнікі пачалі крымінальную справу. І нядаўна было прынятае рашэнне часткова знішчыць саломку, якая з'яўляецца рэчавым доказам.