У выхадныя ў Беларусі працягнуцца дажджы і навальніцы
У бліжэйшыя выхадныя беларускія сіноптыкі прагназуюць няўстойлівае надвор'е. Як піша ў Facebook начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў, у суботу, 21 траўня, у начныя гадзіны і раніцай па паўночным усходзе прагназуюцца кароткачасовыя дажджы. У дзённыя гадзіны яны пройдуць месцамі (толькі ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях — у многіх раёнах). Вецер будзе паўночна-заходні, 6-11 метраў за секунду, з парывамі да 18 метраў. Уначы чакаецца 5-11 градусаў са знакам плюс, удзень — ад 13 градусаў цяпла на Віцебшчыне да 23 на Брэстчыне.
У нядзелю, 22 траўня, у асобных раёнах пройдуць кароткачасовыя дажджы, удзень магчымыя навальніцы. Тэмпература паветра ў начныя гадзіны складзе плюс 4-10 градусаў, у дзённыя — плюс 16-23 (у Брэсцкай вобласці — да 25 цяпла).
У панядзелак, 23 траўня, будзе пераважна без ападкаў (толькі ўдзень на ўсходзе магчымыя кароткачасовыя дажджы). Тэмпература паветра ўначы складзе 5-10 градусаў вышэй за нуль, удзень — 17-24 цяпла (на Брэстчыне — да 25-27°С).