У забойстве ігуменні манастыра пад Барысавам падазраюць прыезджую з Казахстана
Увечары 5 студзеня ў жаночым Свята-Ксеніеўскім манастыры ў Барысаўскім раёне была забітая яго ігумення Васіліса. У забойстве падазраецца маладая жанчына, якая апошні час жыла пры манастыры. Яна затрыманая, падазраванай прызначана псіхолага-псіхіятрычная экспертыза.
"Яна жыла ўвесь час у манастыры, мы пра яе нічога не ведаем. Ніхто тут у вёсцы не бачыў гэтай жанчыны. Яна не мясцовая, прыезжая. Ведаем, што яна збіралася ў манашкі ісці, хацела стаць манахіняй. Але яна з манастыра не выходзіла. Не ведаем, чаму так", ― расказалі Еўрарадыё мясцовыя жыхары.
Барысаўская епархія паведамляе, што у забойстве ігуменні Васілісы падазраецца 29-гадовая грамадзянка Казахстана (паводле папярэдняй інфармацыі). Яна часова жыла пры манастыры, дзе ёй "дапамагалі вырашыць жыццёвыя праблемы". "На працягу яе знаходжання ў манастыры, асабліва напярэдадні здарэння, адзначалася псіхічнае расстройства маладой жанчыны, якое і стала прычынай яе страшнага ўчынку", ― адзначае прэс-служба епархіі.