У зборнай Беларусі па хакеі новая форма з маленькім гербам
"Гасцявая" форма хакейнай зборнай Беларусі
У зборнай Беларусі па хакеі ― новая форма. Яна прадстаўленая на афіцыйным сайце чэмпіяната свету па хакеі, які стартуе ў Даніі 4 траўня. Галоўная адметнасць экіпіроўкі ― герб краіны на гульнявых джэрсі цяпер значна меншых памераў, чым у мінулыя гады. Ён займае толькі невялікую частку формы.
У якасці прыкладу паказаная джэрсі з нумарам 28, пад якім выступае натуралізаваны украінец, гулец салігорскага "Шахцёра" Аляксандр Мацярухін. Раней ён не гуляў на чэмпіянатах свету за зборную Беларусі:
У падобных джэрсі беларускія хакеісты выступалі ў канцы 1990-х ― пачатку 2000-х гадоў. А ў апошні раз беларусы выходзілі на лёд у падобнай экіпіроўцы на чэмпіянаце свету ў Аўстрыі-2005.
Зборная Беларусі па хакеі выступіць у групе А. Яе гульні пройдуць у Капенгагене. Беларускай камандзе на групавым этапе будуць супрацьстаяць зборныя Швецыі (4 траўня), Францыі (5 траўня), Расіі (7 траўня), Швейцарыі (9 траўня), Чэхіі (11 траўня), Аўстрыі (12 траўня) і Славакіі (15 траўня).
Чатыры лепшыя каманды з кожнай групы атрымаюць права згуляць у плэй-оф. Па адной горшай пяройдуць ў ніжэйшы дывізіён.