У ЗША праходзіць нацыянальны страйк вязняў
У ЗША распачаўся нацыянальны страйк вязняў супраць умоваў іх утрымання ў турмах. Зняволеныя патрабуюць павысіць аплату працаў, якія яны выконваюць за кратамі, а таксама выказваюць незадаволенасць сістэмай аховы здароўя і перапоўненасцю турмаў.
Актывісты, якія абараняюць правы вязняў, параўноўваюць іх становішча з рабствам. Як паведамляе ВВС са спасылкай на амерыканскія СМІ, беспарадкі адбыліся ў дзвюх турмах Флорыды. Цяпер у іх увялі рэжым павышанай бяспекі, а самі зняволеныя ізаляваныя.
Улады ўвялі дадатковыя захады бяспекі пасля інцыдэнту ў турме Холмс на паўночным захадзе Флорыды: увечары ў сераду там адбыліся беспарадкі, у якіх прынялі ўдзел каля 400 чалавек. Былі разбураныя некалькі турэмных памяшканняў, у тым ліку пакоі зняволеных.
Тым часам актывісты паведамляюць, што зняволеныя страйкуюць і ў іншых штатах — Алабаме, Тэхасе і Паўднёвай Караліне. У сацыяльных сетках з’яўляюцца заклікі далучыцца да акцыі зняволеным усёй краіны.
Паводле Камітэта па арганізацыі працоўных у зняволенні, у турмах адбываюцца мірныя пратэсты: вязні не выходзяць на працу, праводзяць сідзячыя акцыі або абвяшчаюць галадоўку.
Акцыя пратэсту прымеркаваная да 45-й гадавіны бунту ў турме Атыка ў штаце Нью-Йорк. У 1971 годзе зняволеныя захапілі турму і ўтрымлівалі яе некалькі дзён, з-за чаго паліцыі давялося браць яе штурмам. Падчас гэтай аперацыі загінула 43 чалавекі.
Цяпер у турмах ЗША ўтрымліваецца болей за 2,2 мільёна чалавек.