Улады хаваюць здарэнне на свінакомплексе "Усходні" пад Баранавічамі (відэа)
Дарогу да свінагадоўчага комплексу "Усходні" Баранавіцкага камбіната хлебапрадуктаў блакуе міліцэйскі пост.
Комплекс па вытворчасці свініны ўжо некалькі дзён знаходзіцца пад наглядам міліцыі, піша газета "Intex-press". Вяскоўцы кажуць пра масавае знішчэнне хворых свіней. А мяса са свінакомплексу адсутнічае на прылаўках фірмовых крамаў.
Чытачы газеты паведамілі, быццам адбываецца масавы забой хворых жывёлаў: "Падвозяць на трактарах парасятаў, проста ў прычэпах успорваюць нажамі ім жываты, яшчэ жывых кідаюць у яму і засыпаюць вапнай. Буйнейшых забіваюць сякерамі і электратокам. Віск стаіць жудасны!"
Журналістаў на свінакомплекс не пусцілі. Міліцыянт паведаміў ім, што там адбываецца дэзінфекцыя.
Тым часам ветэрынарная служба і кіраўніцтва камбінату хлебапрадуктаў, у склад якога ўваходзіць свінакомплекс, запэўніваюць, што ніякай праблемы няма і на прадпрыемстве ўсё ў парадку.
Фота — Intex-press