«Ундервуд» адсвяткуе дзень нараджэння нечым асаблівым

Гурт «Ундервуд» рыхтуе матэрыял да новага альбома. Яго выхад будзе прымеркаваны да 15-годдзя калектыву.  Як прызнаўся ў гутарцы з карэспандэнтам InterMedia Максім Кучарэнка, з гэтай нагоды музыкі жадаюць зрабіць «нешта асаблівае». «Падчас падрыхтоўкі мы асэнсоўваем нашу даросласць. Даводзіцца прызнаць, што за дзесяць гадоў у Маскве і пяць выдадзеных альбомаў мы напрацавалі некаторыя штампы. І ў юбілейнай пласцінцы хацелася б пазбавіцца ад іх».

У Максіма Кучарэнкі і Ўладзіміра Ткачэнкі ёсць дэма-матэрыял на дваццаць песень. Па словах прадстаўніка «Ундервуда», цяпер гэтыя трэкі вельмі крытычна разглядаюцца. І далёка не факт, што на будучы альбом патрапіць хаця б палова з іх.

Новую кружэлку гурт плануе прадставіць у лютым наступнага года, тады як 15-годдзе калектыву будзе адзначацца ў снежні.

«Ундервуд» пакуль не вырашыў, як адзначыць дзень нараджэння. Па словах спадара Кучарэнкі, ёсць ідэя «непасрэдна 8 снежня правесці на Гоа, а святочны канцэрт адыграць пасля падарожжа», але гэта таксама пакуль у стадыі абмеркавання.

Акрамя таго, «Ундервуд» піша музыку для саўндтрэка да поўнаметражнага мультфільма «Баскара». Ён прысвечаны новым прыгодам Карабаса ў сучаснай Маскве і выйдзе на экраны ў наступным годзе.

Гурт таксама збіраецца паўдзельнічаць у трыб'юце Алы Пугачовай, які рыхтуе «Радыё Ала». Паводле папярэдніх дадзеных, «Ундервуд» выканае песню «Белыя дзверы».

Фота: starchat.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі