“Усё складана”: якая будучыня ў беларускага незалежнага кіно?

“Усё складана”: якая будучыня ў беларускага незалежнага кіно?

Існуе меркаванне, што беларускія незалежныя рэжысёры яшчэ доўга будуць здымаць фільмы пра пратэсты-2020 у Беларусі. Маўляў, тэма слаба прадстаўленая ў кіно, таму актуальная і нават “хайповая”.

Рэжысёр Андрэй Куціла, чый фільм “Калі кветкі не маўчаць” перамог на конкурсе дакументальнага кіно Варшаўскага кінафестывалю, таксама лічыць, што як мінімум дакументальныя стужкі пра гэтыя падзеі здымацца яшчэ будуць.

— Праекты будуць паўставаць, таму што не пра ўсё сказана. З навінаў нам усё зразумела, але яшчэ багата ўсялякіх пунктаў бачання гэтых падзеяў, і пра гэта можна доўга казаць, — расказвае дакументаліст у эфіры Еўрарадыё. — Іншая справа, што мы, беларусы, усё гэта ведаем і стаміліся ад гэтых навінаў, чаго нам ісці глядзець чарговы фільм, мы ж гэта ўсё бачылі і праз усё гэта прайшлі.

Але ёсць фільмы, якія паказваюць гэта з іншай перспектывы, і гэта варта паглядзець. Можа, яны стануць больш каштоўныя праз пяць-дзесяць гадоў. Але мы, аўтары-дакументалісты, не мусім пра гэта думаць. Трэба рабіць, што можаш. Наша задача не проста адлюстроўваць тое, што было, а пэўным чынам знаходзіць нейкія мастацкія ўніверсальныя формы для гэтага. Каб было зразумела беларусам, якія праз гэта прайшлі, і каб глядач з іншай краіны мог падключыцца і паглядзець не проста навіны, а глыбокую чалавечую гісторыю. Каб нас маглі зразумець — што мы хацелі, куды мы ідзём і чаго прагнем.

Шмат дзеячаў культуры пасля падзей 2020-га былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі. Працаваць і паляпшаць свае прафесійныя навыкі незалежным рэжысёрам у сучасных беларускіх рэаліях сапраўды цяжка?

— Пэўна, так. Што тычыцца кінаадукацыі — з гэтым усё складана, — пацвярджае дакументаліст. — Я бачу, што зараз шмат хто выкарыстоўвае магчымасць самаадукавацца, калі няма магчымасці працаваць. Не проста сядзець і чакаць, калі што зменіцца, а выкарыстоўваць гэты час. Гэта такі час, які трэба выкарыстаць, каб пасля, калі зноў усё зменіцца, ты змог сваю працу рабіць яшчэ лепш, чым ты рабіў да гэтых падзей.

Калі ўлічыць, што раней незалежнае беларускае кіно паступова ішло да развіцця, што пра яго больш і больш гаварылі, то ці не здарыцца адваротная сітуацыя, калі пасля вымушанага перапынку пра яго стануць паступова забываць?

— У нас ніколі не было развітой індустрыі, але былі асобныя аўтары і праекты, якія “выстрэльвалі” і пра якія мы чулі. Гэтыя аўтары нікуды не зніклі. Яны будуць здымаць за мяжой ці ў Беларусі ў нейкіх іншых умовах, — упэўнены Андрэй Куціла.

Міжнародны фестываль “Лістапад” фактычна перайшоў у рукі дзяржавы пасля таго, як быў ліквідаваны яго арганізатар “АРТ Карпарэйшн”. Для каго гэта горш за ўсё — для рэжысёраў ці для гледачоў?

— Думаю, гэта для ўсіх дрэнна. Мы вяртаемся ў тыя часы, якія былі да каманды “АРТ Карпарэйшн”, калі гэта быў так званы “СНДшны междусабойчык”, калі прыязжалі, умоўна, медыятвары расійскіх серыялаў. Штосьці будзе такое і, можа, яшчэ што нізкае па ўзроўні. Мне падаецца, што гэта частка агульных праблем, якія мы зараз маем, — і гэта мягка кажучы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі