Узяць пад кантроль электронныя кашалькі наркадылераў не ўдалося

Пастанова Нацбанка, які з 1 сакавіка ўвёў абавязковую ідэнтыфікацыю уладальнікаў электронных кашалькоў, закранула найперш беларускія плацежныя сістэмы, што кантралююцца нашымі банкамі. Нагадаем, што новаўвядзенне з’явілася пасля выхаду антынаркатычнага Дэкрэта №6 на пачатку года.

Пакупка "спайсаў" адбываецца наступным чынам: наркаспажыўцы кладуць грошы на электронныя кашалькі дылераў праз плацежныя тэрміналы, а потым забіраюць тавар (так званы клад) у спецыяльных схованках.

Больш-менш буйны наркагандляр раней пракручваў грошы праз шматлікія электронныя кашалькі. Таму ў тых, хто змагаўся з наркотыкамі, узнікла ідэя, узяць усе кашалькі пад кантроль і такім чынам раскручваць наркаклубкі.

Правяраем, як дылеры адрэагавалі на абавязковую ідэнтыфікацыю кашалькоў. Заходзім на самы папулярны форум, дзе вісяць аб’явы аб продажы псіхатропаў. Дарэчы, рэсурс зноў свабодна адкрываецца ў нашай краіне, хоць у другой палове студзеня доступ быў заблакаваны.

 

Цягам 2-га сакавіка на форуме абнавілі больш за два дзясяткі аб’яваў аб продажы псіхатропаў. Пры гэтым плаціць прапаноўваюць па ранейшай схеме: класці грошы на электронныя кашалькі з тэрміналаў. Для аплаты па-ранейшаму нярэдка прапаноўваюць нумары кашалькоў той жа сістэмы EasyPay, якая з’яўляецца праектам “Белгазпрамбанка”.

Цікавімся ва ўпраўленні інфармацыйнай палітыкі гэтай фінансавай установы, колькі ананімных кашалькоў з 1 сакавіка закрылі і колькі кліентаў усё ж вырашылі падаць у банк звесткі пра сябе.

“Гэтыя пытанні — камерцыйная таямніца”, — паведамілі у “Белгазпрамбанку”.

На пытанне, ці магчыма без праблем выйсці на ўладальніка электроннага кашалька, у банку адказалі, што па запытах адпаведных праваахоўных органаў інфармацыя і раней падавалася максімальна разгорнута, а апошнія змены ў нарматыўных актах не прыўнеслі асаблівасцяў у гэты працэс.

 

Чаму на наркадылера складана выйсці

Змянілася тое, што дылеры часцей прапаноўваюць плаціць праз сістэму “Яндекс.Деньги” (на наркафорумах яе скарочана называюць ЯД), якая кантралюецца з Расіі. Пры гэтым залічваць туды грошы без праблем можна з беларускіх плацежных тэрміналаў.

 

“Для таго, каб вылічыць мяне праз ЯД, трэба патраціць час і намаганні на тое, каб скааперавацца з расійскімі праваахоўнымі органамі. EasyPay больш зручны, але бяспека ў ім кульгае”, — так адзін з наркагандляроў раіць расійскую плацежную сістэму, калі звяртаемся да яго пад выглядам кліента.

Так званы ЯД не мае сваіх прадстаўнікоў у Беларусі, таму звязваемся з прэс-службай "Яндекс.Денег" у Расіі.

"Уладальнік кашалька, складаючы з намі пагадненне аб выкарыстанні сэрвісу, пацвярджае, што будзе выкарыстоўваць сэрвіс для разлікаў і грашовых пераводаў, не парушаючы законы як Расіі, так і месца свайго знаходжання, — кажа кіраўнік прэс-службы "Яндекс.Деньги" Надзея Кіяткіна. — Безумоўна, мы рэагуем на ўсе паведамленні аб парушэнні патрабаванняў дамовы карыстальніка і заканадаўства, кожную скаргу разглядаем старанна і ў індывідуальным парадку. Акрамя таго, заканадаўцам на нас ускладзены абавязак, па афіцыйным запыце праваахоўных органаў прадастаўляць усю неабходную ім інфармацыю ў мэтах расследавання злачынстваў і іншых правапарушэнняў. Карыстальнікам таксама варта быць пільнымі і паведамляць праваахоўным органам пра усе факты парушэння закона, пра якія ім стала вядома". 

Калі ўсё так складна, чаму наркадылеры не баючыся свецяцца з электроннымі кашалькамі? Падобна на тое, што праблема ў ліпавых грамадзянах, на якіх электронныя кашалькі часта афармляюць у суседняй краіне. Гэта могуць быць алкаголікі, адзінокія пенсіянеры і іншыя неабазнаныя людзі. Выйсці непасрэдна на дылера з-за гэтага яшчэ больш складана.

Дайшло да таго, што некаторыя наркагандляры апроч "спайсаў" прапаноўваюць набыць такі падстаўны кашалёк, усяго за 200 долараў.

Выходзіць, нашым праваахоўнікам трэба не проста выйсці на сапраўднага ўладальніка кашалька, але яшчэ і спрацавацца з расійскімі калегамі.

Рэсурсаў неабходна шмат, а ці хапае іх у беларускім Наркакантролі — пытанне. Да таго ж, незразумела, ці жадаюць у фінансавых установах ахвяраваць пэўным грашовым абаротам і на справе далучыцца да барацьбы з наркагандлем. 

Мяркуючы па колькасці аб’яў на папулярным форуме, дылеры пакуль не надта баяцца забаронаў і на пастанову Нацбанка не рэагуюць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі