Вакцыны Pfizer у Беларусі пакуль не будзе

Беларусь магла б атрымаць вакцыну Pfizer у якасці дапамогі ад ЕС / Reuters​
Беларусь магла б атрымаць вакцыну Pfizer у якасці дапамогі ад ЕС / Reuters​

Пытанне аб магчымасці пастаўкі ў Беларусь іншых вакцын "знаходзіцца ў стадыі разгляду" і "ў найбліжэйшай перспектыве пастаўкі вакцын не чакаюцца". Пра гэта гаворыцца ў адказе Міністэрства аховы здароўя на запыт папулярнага беларускага навінавага партала.

Журналісты вырашылі высветліць, як прасоўваецца пытанне пра завоз у краіну заходніх вакцын супраць каранавіруса. У верасні 2021 года кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Дзмітрый Піневіч казаў, што "вядуцца перамовы пра Pfizer".

У студзені 2022 года ў ведамстве Дзмітрыя Піневіча журналістам нагадалі, што ў Беларусі можна прышчапіцца трыма на выбар расійскімі прэпаратамі ("Спутник V", "Спутник Лайт" і "Кавівак"), а таксама кітайскай вакцынай "Vero Cell". Прычым апошняя была ўхваленая СААЗ.

Між тым у Еўракамісіі, куды таксама звярнуліся журналісты партала, ім паведамілі, што ЕС па-ранейшаму падтрымлівае ініцыятыву аб перадачы вакцыны ўсім краінам Усходняга партнёрства, уключаючы Беларусь.

"Мы гатовыя даць вакцыны жыхарам Беларусі, як толькі будуць створаныя механізмы дастаўкі", — паведаміла прадстаўнік Еўракамісіі Ана Пісанэра Эрнандэс.

Нагадаем, у канцы 2021 года Еўрасаюз вылучыў 35 мільёнаў еўра на вакцынацыю ў краінах Усходняга партнёрства. Гэтыя грошы прызначаныя для пакупкі і дастаўкі ў краіны — удзельніцы ініцыятывы вакцын ад каранавіруса. Беларусь у чэрвені 2021 прыпыніла сваё сяброўства ва Усходнім партнёрстве.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі