Валерый Кірыенка: Мы створым чыста беларускую калійную кампанію!

Кірыенка перакананы, што Беларуская калійная кампанія выключна з беларускім капіталам у бліжэйшы час зможа стаць лідарам сярод трэйдараў на рынку. "Для нас гандаль калійнымі ўгнаеннямі — гэта не новае, у нас ёсць прафесіяналы", — пераконвае гендырэктар "Беларуськалія".



"Мы сустракаемся з пакупнікамі, знаходзім кропкі сутыкнення, як нам выходзіць з сітуацыі, каб не абрынуць рынак да тых цэнаў, якія былі агучаны "Уралкаліем", — цытуе словы Валерыя Кірыенкі БЕЛТА. — Пакупнікі ведаюць нашу прадукцыю, нашы лагістычныя перавагі. Яны нам шчыра, проста гавораць, што будуць працягваць працаваць з беларускім каліем праз БКК".

Гендырэктар "Беларуськалія" лічыць, што "ўжо час забываць скандал у калійнай галіне", бо трэба "аднаўляць рынак, які быў разбураны заявай "Уралкалія" 30 ліпеня [аб спыненні супрацоўніцтва з Беларускай калійнай кампаніяй]".

Нагадаем, кіраўніка "Уралкалія" Уладзіслава Баўмгертнера затрымалі 26 жніўня ў мінскім аэрапорце пасля сустрэчы з прэм'ерам Міхаілам Мясніковічам. Следчы камітэт Беларусі заявіў, што гендырэктар “Уралкалія” нанёс шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі. Баўмгертнеру выстаўленае абвінавачанне ва злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Следчы камітэт паведаміў, што страты па справе Беларускай калійнай кампаніі ацэньваюцца на 100 млн долараў. Баўмгертнер знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ.

Фота — БЕЛТА, sb.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі