Васілю Парфянкову пагражае новы турэмны тэрмін

Пра гэта Парфянкоў даведаўся ад следчага Першамайскага РУУС Мінска, які вядзе яго справу. Парушэнні былі ў тым, што Васіль аднойчы выйшаў у недазволены час з дома ў краму, а іншым разам крыху спазніўся дадому. І хоць для пачатку новай справы трэба тры парушэнні, міліцыянты палічылі, што падставаў для пераследу ўжо дастаткова.  


Цяпер Васіль Парфянкоў знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. Як паведамляе БелаПАН, 15 ліпеня яму трэба з’явіцца ў РУУС для азнаямлення са справай, якую пасля перададуць у суд. Яму пагражае арышт на паўгода або пазбаўленне волі да аднаго года.



Парфянкоў быў першым асуджаным па справе аб падзеях 19 снежня 2010 года. У лютым 2011 года яго асудзілі да чатырох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а праз паўгода ён быў памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам.



5 студзеня 2012 года за ім усталявалі прафілактычны нагляд, а ў красавіку таго ж года Следчы камітэт распачаў супраць Васіля Парфянкова другую справу — за парушэнне ўмоваў прафілактычнага нагляду. Пазней яго асудзілі на паўгода арышту.


Сёлета ў лютым Парфянкоў выйшаў на волю з арыштнага дому ў Баранавічах і заявіў пра сваё жаданне працягваць грамадскую дзейнасць. У красавіку ён атрымаў штраф за парушэнне рэжыму прэвентыўнага нагляду і заплаціў 800 тысяч рублёў, у траўні быў яшчэ адзін штраф — 3 мільёны рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі