Ваўкавыскія міліцыянты забралі арганізатара свята і шыльду ў гонар Геніюш

Грамадскія актывісты планавалі 27 ліпеня ўрачыста адкрыць у Ваўкавыску мемарыяльную шыльду ў гонар Ларысы Геніюш. Але саму дошку з дома, дзе нарадзілася вядомая беларуская паэтка, знялі мясцовыя міліцыянты, а ініцыятара акцыі Міколу Кавальчука затрымалі за некалькі хвілін да пачатку ўрачыстай імпрэзы.  Вызвалілі грамадскага актывіста з пастарунка толькі пасля таго, як за яго заступіліся людзі, якія прыйшлі на мерапрыемства. Пра гэта Еўрарадыё распавёў адзін з удзельнікаў імпрэзы паэт Міхась Скобла.

Скобла: “Пасля таго, як яго затрымалі, мы ад гэтага дома, з якога скралі сёння раніцай шыльду, пайшлі усе разам у міліцэйскі пастарунак. І пасля непрацяглых перамоваў Міколу Кавальчука адпусцілі”.

Прычыны затрымання падпалкоўнік Юшкевіч, з якім і вялі перамовы сябры Кавальчука, нічым не патлумачыў. Як і дзеянні міліцыянтаў, якія не вядома на якіх падставах знялі шыльду ў гонар Ларысы Геніюш з прыватнага дома. Толькі паабяцалі, што адбудзецца разбіральніцтва, каб высветліць – навошта яны знялі шыльду.

Па словах сп.Скоблы, дзеянні міліцыянтаў можна патлумачыць толькі паталагічнай нянавісцю беларускіх уладаў да Ларысы Геніюш і ўсёй беларускай паэзіі ды культуры.

Скобла: “Адкуль ідуць гэтыя забаронныя каманды, я не разумею. Але кожны год, калі мы збіраемся ў Зэльве, адбываюцца падобныя эксцэсы. То ў апошні момант арандаванае памяшканне раптам зачыняецца, то нам не дазваляюць каля помніка, які стаіць побач з царквой, вершы яе пачытаць, то на могілках абываецца сапраўднае паляванне на людзей, якія прыйшлі на магілу Ларысы Геніюш”.

Зараз прыхільнікі творчасці выбітнай беларускай паэткі збіраюцца на паэтычна-бардаўскі фестываль, які пройдзе на чыстым паветры.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі