Вянгерскі, які выбег на поле з нацыянальным сцягам, заплаціць 5 тысяч еўра БАТЭ
Аляксандр Вянгерскі, які выбег на поле падчас гульні БАТЭ з лонданскім Арсеналам, мусіць выплаціць 5 тысяч еўра БАТЭ па рашэнні суда. Такое рашэнне прыняў суд Вілейскага раёна 29 снежня. Аляксандр Вянгерскі ў судзе не прысутнічаў.
Рашэнне суда ў Фэйсбуку апублікавала прэс-сакратар суда Алеся Барткевіч:
“18 снежня 2017 году судом Вілейскага раёна вынесенае завочнае рашэнне па грамадзянскай справе па іску ТАА “футбольнага клуба БАТЭ” да Вянгерскага А.С. аб спагнанні сумы панесеных страт. Адказчык Венгерскі А.С. на судовае пасяджэнне не з'явіўся, хоць быў апавешчаны належным чынам. Заяўленыя іскавыя патрабаванні суд задаволіў у поўным аб'ёме. Завочнае рашэнне набыло законную моц 29 снежня 2017 года”.
Па інфармацыі Еўрарадыё, Аляксандр Вянгерскі цяпер адсутнічае ў Беларусі. Ці збіраецца ён плаціць прысуджаную суму, невядома. Раней ён адмаўляўся ад грашовай дапамогі.