Віцебская студэнтка абрабавала краму
Увечары 26 лютага ў віцебскую міліцыю звярнуліся прадаўцы крамы па вуліцы Петруся Броўкі з паведамленнем аб рабаванні, інфармуе uvd.vitebsk.gov.by.
Па словах прадаўцоў, адна з наведніц уцякла з крамы, не заплаціўшы за спіртное і прадукты, якія прыхапіла з сабой.
Дзяўчына зайшла ў краму каля паловы дзявятай вечара. Яна хадзіла па гандлёвай зале без кошыка і брала з прылаўкаў спіртное і прадукты. Прайшоўшы ўсю залу, яна стала каля касы, але не спяшалася разлічвацца за тавар. Калі работніцы крамы страцілі ўвагу, дзяўчына прабегла міма касы, а на выхадзе з крамы адштурхнула адну з работніц.
Неўзабаве міліцыянты затрымалі зламысніцу. Высветлілася, што гэта 23-гадовая раней неаднаразова судзімая студэнтка аднай з ВНУ. На дзяўчыну пачалі крымінальную справу за рабаванне.