Віцебскі аўтобус некалькі метраў цягнуў жанчыну, заціснутую ў дзвярах
Пенсіянерка ў Віцебску атрымала траўму, калі выходзіла з транспарту, паведамляе БЕЛТА са словаў інспектара аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Цевелева.
Здарэнне адбылося ў пятніцу каля 12.15 на прыпынку па вуліцы Гагарына каля прадпрыемства "Сцяг індустрыялізацыі". 59-гадовая жанчына выходзіла з аўтобуса праз заднія дзверы. Пры гэтым яна трымалася за поручань на дзвярах. Калі кіроўца зачыніў дзверы, яны заціснулі руку жанчыны. Але кіроўца гэтага не заўважыў і паехаў. Жанчына павалілася, і аўтобус некалькі метраў працягнуў яе па зямлі.
Пенсіянерка зламала ступню, жанчыну шпіталізавалі. Па гэтым факце праводзіцца праверка.