Віцебскі помнік Караткевічу збіраюцца перанесці, каб пашырыць дарогу
Прычына — будоўля новага Паўночнага моста, якая закране раён забудовы вуліцы Чэхава і сквера каля плошчы Леніна.
Пра магчымасць пераносу распавёў Віталь Дубік, галоўны архітэктар Віцебска. Паводле яго словаў, як перадае Радыё "Свабода", помнік Уладзіміру Караткевічу, усталяваны ў 1994 годзе на скрыжаванні вуліц Чэхава і Суворава, дэмантуюць і перанясуць у іншае месца — глыбей у сквер, які пачынаецца ад плошчы Леніна і ідзе да ўзбярэжжа Дзвіны. Галоўны архітэктар мяркуе, што ў скверы знойдзецца месца і перанесенаму помніку, і новаму Сафійскаму сабору, які плануюць узвесці ў Віцебску.
Дарэчы, Дубік кажа, што пераносіць будуць і яшчэ адзін культурны аб’ект — будынак, у якім знаходзіцца музей Міная Шмырова, помнік архітэктуры пачатку 20 стагоддзя.
Напрыклад, у Оршы помнік Караткевічу ўжо пераносілі, тлумачачы "перспектыўным развіццём горада". Гэта адбылося напярэдадні "Дажынак-2008". Ніякіх грамадскіх абмеркаванняў наконт пераносу помнікаў ні ў Воршы, ні цяпер у Віцебску не праводзілася.
Фота — svaboda.org