Віцебскія мытнікі затрымалі на мяжы больш за 350 кг гашышу
Супрацоўнікі Віцебскай мытні затрымалі 355,5 кг гашышу, якія везлі кантрабандай у нашу краіну. Гэта найбуйнейшая за 2017 год спроба ўвозу наркотыкаў на тэрыторыю Еўразійскага эканамічнай саюза, паведамляе сайт Дзяржаўнага мытнага камітэта.
Аўтамабіль DAF з таварам "кармавыя дабаўкі" ішоў праз пункт пропуску "Урбаны". Мытнікі вырашылі парвесці кантроль гэтага аўтацягніка з выкарыстаннем інспекцыйна-надгляднага комплексу. Сканаванне паказала, што ў пярэдняй частцы грузавога адсека была фальшывая сценка з пабочным грузам. Гэта пацвердзіла і кіналагічная праверка.
Дэмантаваўшы пярэднюю сценку паўпрычэпа-рэфрыжэратара, мытнікі выявілі 92 брыкеты з рэчывам расліннага паходжання шэра-зялёнага колеру. Як высветліла экспертыза, гэта было наркатычнае рэчыва — гашыш.
Мытнікі забралі наркотык, а грамадзяніна Літвы, які вёз груз, затрымалі. На яго пачалі крымінальную справу.
Паведамляецца. што сёлета супрацоўнікі беларускай мытні спынілі 507 спробаў кантрабанды наркотыкаў і псіхатропных рэчываў праз мяжу. Яны канфіскавалі больш за 1 тоны 15 кг наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, больш за 299 кг прэкурсораў, больш за 15 тысяч адзінак медыцынскіх прэпаратаў, якія маюць у сваім складзе наркатычныя і псіхатропныя рэчывы.
Дарэчы, у 2016 годзе колькасць выяўленых спробаў перавезці наркотыкі была амаль такая ж самая. А вось агульная вага канфіскаваных наркотыкаў склала 16,4 кг — у 62 разы менш, чым сёлета.