Віцебскія прадпрымальнікі гатовыя ехаць у Мінск абараняць свае правы

Віцебскія прадпрымальнікі гатовыя ехаць у Мінск абараняць свае правы

Прадпрымальнікі Віцебскай вобласці гатовыя ехаць у Мінск абараняць свае правы. Яны будуць дамагацца адмены ўказа № 222 кіраўніка дзяржавы, паведаміла БелаПАН кіраўніца віцебскіх прадпрымальнікаў Ірына Яскевіч.

Раніцай 28 студзеня больш за 500 індывідуальных прадпрымальнікаў сабраліся ў Віцебску каля аблвыканкама, патрабуючы ад чыноўнікаў абмеркаваць праблемы малога бізнесу. Тыя пагадзіліся правесці сустрэчу, якая аказалася "няпростай" (на здымку). Чыноўнікі прапаноўвалі ІП гандляваць беларускімі таварамі. Па выніках сустрэчы прадпрымальнікі і прынялі рашэнне, што калі не будзе адменены ўказ, яны паедуць у Мінск. Яскевіч кажа, што ІП ужо выбралі дату — 8 лютага. Цяпер ідуць перамовы з прадпрымальнікамі з іншых абласцей.

Індывідуальныя прадпрымальнікі Віцебскай вобласці маюць намер стварыць свой прафсаюз, заявіла Яскевіч.Паводле яе слоў, на рынках Віцебска працуюць не больш за 7% ІП. Астатнія прынялі рашэнне не выплачваць падатак і не выходзіць на працу.

Як паведамляла Еўрарадыё, з 1 студзеня ў Беларусі дзейнічае ўказ кіраўніка дзяржавы № 222 "Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі". Паводле яго, ІП павінны рэалізоўваць прадукцыю легпрама, увезеную з краін Мытнага саюза, толькі з суправаджальнымі дакументамі. Расійскія пастаўшчыкі, у якіх закупляюць тавар большасць беларускіх ІП, звычайна адмаўляюцца выдаваць дакументы аб паходжанні прадукцыі альбо даюць фіктыўныя даведкі. У выніку прадпрымальнікаў штрафуюць, у іх канфіскуюць тавар.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі