Вінаградаў: Прыйшоў адзначацца, а ў мяне адабралі рэчы і пасадзілі ў камеру
Актывіст Павел Вінаградаў пасля 5 гадзінаў у міліцэйскай дзяжурцы выйшаў на волю.
Толькі ў чацвер, 23-га кастрычніка, Паўла Вінаградава вызвалілі са сталічнага цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў, дзе ён адбыў традыцыйныя 15 сутак па абвінавачанні ў дробным хуліганстве. А раніцай наступнага дня ён зноў знік у калідорах Маскоўскага РУУС. Сюды Вінаградаў прыйшоў адзначацца, бо знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам.
“Такім чынам, пайшоў я адзначацца ў Маскоўскае РУУС. Прыйшоў, адзначыўся, у мяне адабралі рэчы і пасадзілі ў камеру ў дзяжурцы, — распавёў Павел Вінаградаў Еўрарадыё, як толькі пакінуў міліцэйскія сцены. — Ніхто нічога не тлумачыў, пратаколаў ніякіх ніхто не складаў. Адпусцілі ў 15.15. Наколькі я разумею, Лукашэнка быў на мерапрыемстве дзесьці побач ад майго дома. Дарэчы, што ён там рабіў?"
Еўрарадыё: Адкрываў навабуд.
Павел Вінаградаў: Я так разумею, мяне трымалі праз гэта.
Еўрарадыё: Дык вы не збіраліся ля таго дома нічога вывешваць?
Павел Вінаградаў: Я ведаць нічога не ведаю, я толькі ўчора выйшаў на волю. Такое са мной не ўпершыню. Калі ён адкрываў тут гасцініцу, за мной хадзілі па раёне і нават у краму. Праўда, не затрымлівалі. Мяне ведаюць у твар многія міліцыянеры, кадэбэшнікі і Служба бяспекі прэзідэнта. І я цудоўна разумею, што метраў за 500 ад таго месца, дзе будзе Лукашэнка, мяне б завінцілі. Калі б я там з’явіўся.
У Маскоўскім РУУС інфармацыю пра затрыманне Вінаградава Еўрарадыё ніяк не патлумачылі. Фармальна таму, што у адпачынку знаходзіцца прэс-афіцэр. Кіраўнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў гарадской міліцыі Аляксандр Ластоўскі сказаў, што не мае магчымасцяў даведацца інфармацыю пра Вінаградава.
Кіраўнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі Маскоўскага раёна Мікалай Лужынскі кінуў трубку, як толькі пачуў слова “Вінаградаў”.
Нагадаем, што апазіцыянер Вінаградаў адсядзеў на сутках за тры гады ўжо больш за 200 дзён. Прыкладна год ён правёў у калоніі за крымінал.