Віталь Гуркоў: Я не ведаю, што такое “спорт па-за палітыкай”
Беларускі тайбаксёр Віталь Гуркоў стаў чэмпіёнам свету па муай-тай. На спаборніцтвах у Швецыі ён перамог Экапхана Самбунсаба з Тайланда, які не прайграваў цягам апошніх чатырох гадоў. Але выступ Гуркова на чэмпіянаце быў пад пытаннем: у Міністэрства спорту нібыта не было грошай на паездку. Калі пра гэта стала вядома, прыхільнікі Гуркова і гурта Brutto, у якім ён спявае, менш чым за адзін дзень сабралі неабходныя тры тысячы еўра. Пасля грошы знайшліся і ў чыноўнікаў. У выніку Віталь паабяцаў перадаць сабраныя сродкі ў дзіцячы дом.
Калі б гэтага шуму не нарабілі, то міністр проста б не даведаўся пра сітуацыю з адсутнасцю грошай на паездку
Еўрарадыё: Апроч фізічнай формы, для спартсмена перад спаборніцтвамі вельмі важны маральны настрой. Які ён у вас быў пасля усіх скандалаў?
Віталь Гуркоў: Я так прабіваўся на гэты чэмпіянат свету, быццам ён апошні ў жыцці. Таму я быў скіраваны толькі на перамогу. Мяне так людзі падтрымалі, людзі верылі ў маю перамогу і гэта толькі дадавала матывацыі. Калі казаць агулам, то адчуваў сябе спакойна. Праўда, акурат калі я быў на чэмпіянаце, майму дзядзьку Уладзіміру Гуркову зрабілі аперацыю на сэрцы. Я за яго вельмі хваляваўся. І вось, калі яго ўжо перавялі ў рэанімацыю, а я быў у паўфінале, атрымаў ад яго смс: “Я перамог і ты перамагай”. Гэта мяне моцна матывавала.
Еўрарадыё: Ведаеце, што вас цяпер называюць народным спартсменам?
Віталь Гуркоў: Мяне гэта проста шакавала! Але і прыемна было — гэта была рэальна народная падтрымка. Кажуць, што гэта заклік да адказнасці… Ведаеце, адказнасць у мяне ёсць заўжды. Але ж і сітуацыі бываюць розныя. Тым больш у спорце. Спорт — гэта вельмі непрадказальная дзейнасць. Сёння ты можаш быць чэмпіёнам і пераможцам, а заўтра здарыцца нейкая траўма, і гэта выб’е цябе з каляіны на доўгія гады. Альбо здарыцца нейкае паражэнне… Я ўжо быў на аперацыйным стале і ведаю, як гэта можа быць, і таму я па-філасофску стаўлюся да гэтага пытання.
Еўрарадыё: Міністр спорту ў размове з намі ўпэўніваў, што як толькі даведаўся пра складанасці з фінансаваннем вашай паездкі на чэмпіянат, то адразу даў загад усё вырашыць, і што шум у СМІ і сацсетках ніяк на гэтае яго рашэнне не паўплываў — верыце?
Віталь Гуркоў: Калі б гэтага шуму не нарабілі, то міністр проста б не даведаўся пра сітуацыю з адсутнасцю грошай на паездку. А яго асабістае стаўленне да мяне я ведаю і яно заўжды было пазітыўным. Калі я перамог у тытульным паядынку, то быў прыём у міністра спорту і ён віншаваў мяне з перамогай. Так што, тут ён не схлусіў, але калі б не было такога народнага шуму і рэзанансу, то ён бы проста не даведаўся пра сітуацыю.
У Федэрацыі мне адкрыта далі зразумець, што ім са мной не па дарозе
Еўрарадыё: І тое, што вы ў майцы з Пагоняй ходзіце, што па-беларуску размаўляеце, не ўплывае на стаўленне да вас чыноўнікаў ад спорту?
Віталь Гуркоў: Я проста не ведаю, як яны да гэтага ставяцца — ніхто з іх нічога мне на гэты конт не казаў у вочы, нейкіх негатыўных рэчаў. А вось з боку федэрацыі, ад галоўнага трэнера пытанні з гэтай нагоды да мяне былі. Можа, яны больш нагняталі, чым яно было на самой справе, але яны падводзілі да таго, што гэта вельмі дрэнна, што нехта задае ім нейкія пытанні… Хто ім задае, якія пытанні, я не ведаю.
Еўрарадыё: Майка з Пагоняй і дзяржаўны сцяг на плячах — так атрымалася выпадкова ці гэта хітра прадуманы крок?
Віталь Гуркоў: Так атрымалася — вось і ўсё! (смяецца). Я не ведаю, як гэта будзе паказваць БТ, ці ўвогуле паказваць не будзе. Я не бачу ніводнай прычыны, каб мяне ў той майцы не паказаць. Што ў ёй дрэннага? Нічога крамольнага ў Пагоні я не бачу — гэта наш нацыянальны герб. Чаму з яе робяць нешта забароннае: і паказаць нельга, і размаўляць пра Пагоню нельга, і хадзіць у такой майцы нельга… Чаму? Хаця б адну прычыну мне назавіце!
У спорце шмат палітыкі на самой справе. На кожным чэмпіянаце ўзнікаюць пытанні: хто з кім сябруе, у каго якая карысць...
Еўрарадыё: Пра ваш сыход з Мінспорту шмат чутак — што там адбылося на самой справе?
Віталь Гуркоў: У Федэрацыі мне адкрыта далі зразумець, што ім са мной не па дарозе. Куды вядзе іх дарога, я не ведаю, але мне казалі, што тое, што я раблю, дрэнна, і ім такі спартсмен у камандзе не патрэбны.
Еўрарадыё: Які такі?
Віталь Гуркоў: Ну, я ж не зусім звычайны спартсмен: я і ў рок-гурце бяру ўдзел, і ў нейкіх сацыяльных праектах. Да мяне былі прэтэнзіі, да прыкладу, такія: я бяру ўдзел у нібыта забароненым гурце, што я звязаўся з нейкай апазіцыяй… Што яны там сабе напрыдумлялі, я не ведаю. Карацей, мне далі зразумець, што сумяшчаць музычную дзейнасць са спортам у мяне не атрымаецца. Добра, сказаў я, і сышоў са стаўкі ў Мінспорту. Не, пры жаданні я мог бы працягваць там працаваць, але ёсць юрыдычныя нюансы. У маім кантракце распісана, калі, у якім зале і колькі часу я мушу трэніравацца. Такі трэніровачны графік. І калі я некуды еду, то гэта неабходна фіксаваць: куды я еду, навошта. Каб паехаць на канцэрт Brutto, я браў адпачынак за свой кошт. Але ў пэўны момант мне сказалі, што больш адпачынкаў за свой кошт мне даваць не будуць. Юрыдычна галоўны трэнер мае на гэта права. Атрымліваецца, што калі б я без згоды на адпачынак за свой кошт паехаў на канцэрт, то мяне маглі звольніць па артыкуле. І таму я зрабіў выбар і сышоў.
Еўрарадыё: Вось і вер чыноўнікам, якія сцвярджаюць, што палітыкі ў спорце няма і быць не можа…
Віталь Гуркоў: У спорце шмат палітыкі на самой справе. На кожным чэмпіянаце ўзнікаюць пытанні: хто з кім сябруе, у каго якая карысць... Я найперш кажу пра суддзяў і кіраўнікоў дэлегацый. Я не ведаю, што такое “спорт па-за палітыкай”. Праўда, гледзячы, які сэнс укладваць у слова “палітыка”…
Да мяне дайшлі чуткі, што крыўдзяцца кіраўнікі: “Шмат хто са зборнай прабіўся ў паўфінал, а пішуць толькі пра Гуркова — што за сітуацыя незразумелая?!”. Суцешыў іх тым, што гэта такі піяр-ход.
Еўрарадыё: Я так разумею, што на паездку ў Швецыю на чэмпіянат вашага асабістага трэнера Дзмітрыя Пясецкага ў Мінспорту грошай не знайшлося?
Віталь Гуркоў: Не, натуральна! І мне, безумоўна, складана было, але ён і раней не заўжды са мной ездзіў на спаборніцтвы. Цяжка павезці каманду, каб там хапала трэнераў… І калі ўзнікала пытанне, каго павезці, трэнера ці спартсмена, то бралі на аднаго спартсмена больш. Каб больш прывезці медалёў, відаць! Я да гэтага прывык. Апроч таго, са мной былі блізкія людзі — Юрась Булат, з якім я з маленства трэніраваўся, чэмпіён свету і выдатны трэнер. Быў яшчэ малады трэнер з Гомеля Іван Карпаў — на гэтым чэмпіянаце яго выхаванец таксама стаў пераможцам, першым чэмпіёнам свету з Гомеля. Яны мяне рыхтавалі да паядынку, дапамагалі мне.
Еўрарадыё: Не думалі пасля перамогі вярнуцца ў Мінспорту?
Віталь Гуркоў: Калі гэта будзе на маіх умовах і калі я змагу гэта спалучаць са сваімі музычнымі справамі, то я быў бы не супраць. Інакш сэнсу вяртацца туды я не бачу. Цяпер для мяне галоўнае, што дзякуючы гэтай перамозе, я прайшоў адбор на міжнародны чэмпіянат, што пройдзе ў наступным годзе пад патранажам Алімпійскага камітэта — я заваяваў ліцэнзію.
Змагацца ў папулярнасці з Міхалком мне складана!
Еўрарадыё: А што ў музычных планах?
Віталь Гуркоў: Іх шмат! 2 чэрвеня я ўжо еду ў Кіеў на рэпетыцыі, будзе шмат канцэртаў, розныя фестывалі, канцэрты ў Германіі, недзе там і Амерыка ў планах… Хацелася б гэта сумяшчаць і са спартовай дзейнасцю. На гастролях я заўжды трэніруюся, каб трымаць сябе ў форме: прафесійны спартсмен не мае права адпачываць больш за тыдзень. Інакш форма хутка губляецца, а хацелася б яшчэ пабаксіраваць. Ёсць планы і ёсць прапановы: таец, якога я цяпер перамог, асоба ў Тайландзе знакамітая, і пасыпаліся розныя цікавыя прапановы. Думаю…
Еўрарадыё: Прапанавалі ўдзел у прэстыжным спаборніцтве, а яно па часе супадае з канцэртам — на карысць чаго выбар зробіце?
Віталь Гуркоў: Такое пытанне я вырашаць адзін не магу: збярэцца нарада, на якую прыйдуць усе музыканты і наш мастацкі кіраўнік Сяргей Міхалок, і разам будзем вырашаць.
Еўрарадыё: Глядзіш, хутка будуць на Brutto хадзіць не таму, што там Міхалок, а таму што там Гуркоў!
Віталь Гуркоў: Ёсць ужо і такія. Але змагацца ў папулярнасці з Міхалком мне складана! Усё ж людзі ідуць на канцэрт. А хто хоча паглядзець на Гуркова, той прыйдзе на спаборніцтвы. Але паглядзець на чэмпіёна свету, які скача па сцэне, таксама цікава, згодны.
Еўрарадыё: Дарэчы, не адзін вы з беларускіх спартсменаў атрымалі перамогу ў Швецыі, але чуваць толькі пра Гуркова — астатнія не крыўдзяцца?
Віталь Гуркоў: Не. Наадварот — жартуюць на гэты конт. Але да мяне дайшлі чуткі, што крыўдзяцца кіраўнікі: “Шмат хто са зборнай прабіўся ў паўфінал, а пішуць толькі пра Гуркова — што за сітуацыя незразумелая?!”. Суцешыў іх тым, што гэта такі піяр-ход.
Еўрарадыё: Раскажыце пра сваю чароўную бел-чырвона-белую ўсмешку з Пагоняй…
Віталь Гуркоў: Гэта мая капа, з якой я выходжу на рынг, гэта мой спартовы інвентар. Была магчымасць зрабіць індывідуальную прафесійную капу і я ёй скарыстаўся: прыязджаў майстар з Масквы і можна было што заўгодна ў яго замовіць. Нехта рабіў сабе іклы як у вампіра, нехта робіць надпіс Bad Boy, я зрабіў сабе такую вось Пагоню.