Выбарчая камісія не хацела друкаваць інфармацыю пра кандыдата па-беларуску

Барысаўская раённая выбарчая камісія адмовілася даваць інфармацыю на афіцыйных выбарчых плакатах па-беларуску пра кандыдата ў дэпутаты ад руху "За свабоду" Дзмітрыя Бабіцкага. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў кіраўнік перадвыбарчай кампаніі кандыдата Сяргей Салаш.  Салаш: "Сакратарка Барысаўскай раённай выбарчай камісіі Таццяна Стасава не захацела, каб інфармацыя на плакаце была надрукавана па-беларуску. Сказала, што можа гэта зрабіць, паколькі ў Беларусі двухмоўе. Мы напісалі скаргу і ў другой палове дня інфармацыя была перакладзена на беларускую мову".

Пры гэтым усю інфармацыю пра кандыдата на плакаце камісія змагла змясціць у адзін радок.

Салаш: "Уціснулі яго біяграфію для афіцыйных плакатаў у адзін радок, не забыўшыся, вядома, вылучыць яго прыналежнасць да Партыі БНФ. Пры гэтым выкраслілі цэлы шэраг фактаў, якія дакументальна лёгка пацвердзіць, але, пэўна, не ўпісваюцца ў разуменне камісіяй вобразу апазіцыйнага кандыдата".

На дзеянні Барысаўскай раённай выбарчай камісіі каманда Дзмітрыя Бабіцкага збіраецца падаваць скаргі ў ЦВК. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі