Выбоіну на асфальце, з-за якой у дзіця трапіў камень, ніхто не рамантуе
Таварыства ўласнікаў і Рамаўтадар сцвярджаюць, што не адказваюць за дарогу, дзе камень памерам з кулак вылецеў у галаву малога з-пад колаў машыны
Здаровы камень вылецеў з-пад кола аўтамабіля і трапіў у лоб паўтарагадоваму дзіцяці. Здарылася гэта ў пятніцу 19-га чэрвеня ў адным з мінскіх двароў па вуліцы Панамарэнкі.
“Уявіце, камень быў з кулак сярэдняга чалавека. Як яго магло падняць з-пад кола — складана зразумець. Дзіцёнак сядзеў у адкрытай калясцы, і гэты камень трапіў яму прама ў галаву — у лобна-цемянную частку справа”, — згадвае пра здарэнне інспектар ДАІ, які выязджаў на месца.
Дзіця, на вялікае шчасце, не атрымала па-сапраўднаму сур’ёзных траўм. Медыкі з “хуткай” агледзелі шышку і не пабачылі пераломаў. Бацькам дазволілі не везці малое ў шпіталь, а кантраляваць яго здароўе самастойна.
Як разабраліся ў Дзяржаўтаінспекцыі, кіроўца “Таёты” не гнаў — рухаўся з хуткасцю 5-10 км/г. Маці ў той момант везла каляску па ходніку паралельна руху машыны. Правілы нібыта ніхто і не парушаў.
На вока асфальт вакол 54-га дома па вуліцы Панамарэнкі далёка не самы горшы ў Мінску. Многія б яшчэ і пазайздросцілі. Але некалькі буйных дзюрак ёсць. Тая выбоіна, куды ў злашчасны момант заехала шэрая “Таёта”, была проста засыпаная камянямі, чаго, паводле правілаў, рабіць нельга.
Як тлумачаць Еўрарадыё ў рамаўтадары Фрунзенскага раёна Мінска, рамантаваць ямы, проста засыпаўшы туды друз, нельга.
“Паднялі дакументы. Зона не ўваходзіць у межы адказнасці рамаўтадара ці ЖЭСа. Там таварыства ўласнікаў. Па ідэі яны павінны адказваць за гэту тэрыторыю на тарцы 54-га дома”, — лічыць Аляксандр Грушко, начальнік участка па цякучым і капітальным рамонце.
Звязваемся з таварыствам уласнікаў таго самага 54-га дома па Панамарэнкі, дзе адбылося здарэнне. Мясцовыя жыхары плацяць за тэхнічнае абслугоўванне, як і іншыя мінчане. Гэтыя грошы ўжо з бюджэту трацяцца ў тым ліку на рамонт асфальту вакол дома. Яміна была ў аварыйным стане месяцамі. Але таварыства ўласнікаў таксама не лічыць праезд, дзе знаходзіцца засыпаная камянямі выбоіна, зонай сваёй адказнасці.
Старшыня Алена Драмлюк спасылаецца на “Акт аб землекарыстанні”. Паводле яе слоў, у пазамінулым годзе ў ЖРЭА Фрунзенскага раёна самі зрабілі праект і так-сяк адрамантавалі асфальт. У таварыстве ўласнікаў чакалі, што і сёлета камунальнікі парупяцца аб якасці дарогі. Але гэтага не здарылася. Аўтамабілісты правальваліся ў выбоіну і скардзіліся на гэта. У выніку яміны ўтрамбавалі як маглі — камянямі. Як для аўтамабілістаў — то гэта выправіла сітуацыю.
“А хто займаўся “рамонтам” ямы, адкуль у дзіця вылецеў камень?” — цікавімся ў старшыні таварыства ўласнікаў.
“Я не ведаю. Магчыма, нехта з мясцовых жыхароў. Паўкола магло ў той яміне застацца”, — разводзіць рукамі Алена Драмлюк.
Выглядае, што дрэнна адрамантаваная дарога, з-за якой дзіцяці ледзь не праламіла галаву, — гэта прыклад бюракратыі і дакументальных джунгляў, у якіх адказныя асобы заблукалі. На думку Драмлюк, праблема сталася з-за адсутнасці зацверджаных, дакладна размежаваных актаў землекарыстання.
“З-за гэтага няма парадку ні ў рамонце, ні ў касьбе, ні ва ўборцы. Ініцыятарамі вырашэння праблемы, як мне здаецца, павінны быць ЖРЭА і выканкам. Каб такіх сітуацый больш не ўзнікала”, — кажа старшыня таварыства ўласнікаў.
Матэрыял аб здарэнні на вуліцы Панамарэнкі аддалі на дадатковую праверку ў ДАІ. Але ёсць высокая верагоднасць, што вінаватых у гэтай гісторыі не будзе. Застаецца і такое пытанне, ці зробяць чыноўнікі з гэтага выпадку належныя высновы. Праз некалькі дзён пасля здарэння, якое магло скончыцца напраўду трагічна, выбоіна ў тым жа стане, як і раней. У любы момант камянюка можа вылецець адтуль, як з катапульты.