Выйшла настольная гульня, прысвечаная Аршанскай бітве

Гульня складаецца з гульнявога поля, шасці фігурак пяхоты, артылерыі і кавалерыі, 60 дапаможных картак з вайсковымі задачамі, кубіка для вызначэння руху. Прыкладаюцца правілы гульні. Кожны элемент дызайну зроблены паводле гістарычных дакументаў, паведамляе Радыё "Свабода". На гульнявым полі ёсць старажытны аршанскі замак, тагачасныя селішчы, млыны і вайсковыя намёты.

Карткі з заданнямі, якія трэба выконваць падчас гульні, дзеляцца на чорныя і чырвоныя. На чырвоных — заданні, якія спрыяюць гульцу, а на чорных — якія адсоўваюць яго ад перамогі. Усе заданні змяшчаюць інфармацыю, якая грунтуецца на рэальных забабонах, падзеях і асаблівасцях вайсковай справы сярэднявечча Усходняй Еўропы.

Настольная гульня прызначаная для людзей ад 6 гадоў, сярэдні час гульні — 45 хвілін, колькасць гульцоў — 2, 4 альбо 6. Прадаваць яе пачнуць на пачатку верасня. А прэзентацыя пройдзе 8 верасня 2014 года ў кнігарні "ЛогвінаЎ", дзе настолку можна будзе набыць.

Нагадаем, 8 верасня 1514 года пад кіраўніцтвам гетмана Канстанціна Астрожскага армія ВКЛ разграміла ўтрая большае войска маскоўцаў на рэчцы Крапіўне пад Воршай.

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі