“Я быў адзіным мужыком у сям’і!” Гісторыя паралізаванага хакера з Беларусі

“Я быў адзіным мужыком у сям’і!” Гісторыя паралізаванага хакера з Беларусі

19-гадовы Максім Сямашка жыве ў Любані. У яго невылечная генетычная хвароба — спінальная цяглічная атрафія 2-га тыпу. Максім перасоўваецца на калясцы, у яго крыху працуе толькі адна рука. Нягледзячы на гэта, ён не страчвае бадзёры настрой, “забіваецца” татуіроўкамі, не сядзіць дома і зарабляе грошы ў інтэрнэце не зусім законна. Не так даўно яго вылічыў аддзел “К”, і хлопец трапіў пад следства па арт. 349 КК РБ “Несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі”.

Еўрарадыё паразмаўляла з Максімам, які аказаўся адным з самых незвычайных хакераў Беларусі.

“Цікавіцца заробкам у інтэрнэце я пачаў яшчэ ў 7-м класе”

— Нарадзіўся і да сямі гадоў я жыў у Барысаве. Пра мой дыягназ маці даведалася яшчэ ў 10 месяцаў. Я мусіў пачаць поўзаць і неяк рухацца, але гэтага не адбылося. Аказалася, што ў мяне СЦА. Я ведаў гэта з дзяцінства, а маці мяне расціла так, каб я не шкадаваў сябе ўвесь час і прывыкаў жыць як звычайныя людзі, за што ёй вельмі ўдзячны.

Мой бацька быў алкаголікам і моцна піў. Таму з Барысава мы з маці з’ехалі сюды у Любань, да родных. Тут я і вучыўся. Жылі мы досыць бедна. Аднак жа гэты свет не без добрых людзей, а мне пашанцавала трапіць у акцыю, якая называлася “Мары здзяйсняюцца”. Мне шмат разоў дапамагалі спартсмены і зоркі беларускай эстрады. Можна сказаць, што без гэтай дапамогі мы з маці зусім бы загінулі, бо курс лячэння каштаваў 50-100 еўра, а мне трэба было падтрымліваць цягліцы хаця б раз на тры месяцы. Вялікі дзякуй тым людзям, хто дапамагаў мне, яны сапраўды зрабілі маё дзяцінства шчаслівым, яны сапраўды стараюцца змяняць свет і рабіць яго лепшым.

Але сітуацыя ўсё адно была досыць дрэнная. Дзяржаўная пенсія па інваліднасці маленькая, аліменты ад бацькі таксама не ратавалі сітуацыю. Недзе ў сёмым класе я ўжо пачаў усур’ёз цікавіцца тым, як можна зарабіць грошай у інтэрнэце. Я быў адзіным мужыком у сям’і, і з гэтым трэба было нешта рабіць.

“Я быў адзіным мужыком у сям’і!” Гісторыя паралізаванага хакера з Беларусі

Тады ўсё пачыналася з нейкіх несур’ёзных рэчаў кшталту платных пераходаў па спасылках, нейкіх ставак і іншай дробязі. Грошы былі маленькія, дый не дапамагала гэта палепшыць грашовую сітуацыю. 

“Сапраўды былі думкі, што паеду я і ўтаплюся”

Калі скончыў школу, то зразумеў, што ўсё, гэта край. Трэба было тэрмінова нешта рабіць. Тым больш што ў ВНУ паступіць я нават не спрабаваў: у Беларусі проста няма ніводнай праграмы дыстанцыйнага навучання. Думаў пра тое, што, можа, паспрабаваць пайсці ў IT...

Але трэба разумець адну простую рэч: ніхто не возьме на сталую працу інваліда кшталту мяне цяпер, а мой стан будзе пагаршацца яшчэ больш. Ужо зараз, у 19 гадоў, у мяне больш-менш працуе толькі адна рука, і то напалову — узняць ці апусціць яе я не магу. А нават каб быць праграмістам, трэба працаваць за клавіятурай і шмат набіраць. 

Груз адказнасці за тое, што я мушу знайсці працу, на мяне моцна ціснуў. Два месяцы спрабаваў знайсці. Але ўсё было бессэнсоўна. У мяне ўжо сапраўды былі думкі, што паеду я і ўтаплюся. 

 

“Я быў адзіным мужыком у сям’і!” Гісторыя паралізаванага хакера з Беларусі

“Разабрацца ў інтэрнэце можна за некалькі дзён”

Потым я пачаў паглыбляцца ў розныя форумы, у тым ліку і ценявыя. Нават не ў даркнэт, а ў тыя, на якія трапіць можна досыць лёгка. Там можна знайсці тысячы розных схем патэнцыйнага заробку.

Пачынаў я з так званых партнёрскіх праграм. Сутнасць у імітацыі нібыта пераходаў па рэкламных спасылках у сацсетках. Там былі свае хітрыкі і схемы таго, як можна падманваць усе гэтыя рэкламы.

Пазней я знайшоў куды больш прывабны спосаб заробку. Гэта вядомая пляцоўка Aliexpress. І калі раней я за 12 гадзін працы кожны дзень атрымліваў 300 долараў у месяц, то цяпер максімум за пару гадзін у дзень у мяне магло атрымлівацца па 600 долараў.

Сутнасць маёй працы была простай: запускаць адмысловыя праграмы, якія брутфорсам, гэта значыць звычайным пераборам, падбіралі паролі да акаўнтаў людзей на гандлёвай пляцоўцы. Акаўнты патрэбныя, каб рабіць “рэфы”, гэта значыць вяртанне грошай за нейкі тавар. Гэта можна рабіць самымі рознымі спосабамі: казаць, што тавар прыйшоў сапсаваны ці непрацуючы, ці, напрыклад, гуляць на складанасцях правілаў кітайскай пляцоўкі і патрабаваць вяртання грошай за недакладнасць апісання і г. д.

Проста стварыць новы акаўнт і першым жа заказам аформіць вяртанне сродкаў не спрацуе. Грошы пагаджаюцца вяртаць толькі ў тых выпадках, калі пакупнік ужо рабіў шмат заказаў і не першы месяц на сайце. Таму ўзломваць і прадаваць такія акаўнты было досыць прыбыткова, нават нягледзячы на тое, што адзін акаўнт у залежнасці ад колькасці ранейшых заказаў і рэйтынга каштуе ад $1 да $5. Таму я браў колькасцю, часта прадаючы оптам.

“Я быў адзіным мужыком у сям’і!” Гісторыя паралізаванага хакера з Беларусі

Аб’явы аб продажы я размяшчаў на адным з адкрытых, не даркнэтавых форумаў, таму мяне ўсё-такі знайшлі беларускія праваахоўнікі. Расійскія спецы “ўзялі” хостынг сайта і перадалі ўсю інфу праваахоўнікам розных краін. Мой IP-адрас, адпаведна, трапіў да аддзела “К”. Так мяне і знайшлі. Затое можна жартаваць, што так, мяне вылічылі па IP.

Затрымалі мяне дома. У дзверы пастукалі, маці адчыніла. На парозе — некалькі чалавек “у цывільным”. Запыталіся, дзе я знаходжуся, і папрасілі выйсці. Маці толькі і адказала, што я не магу, бо хварэю. Тыя ж падумалі, што я ў гэты момант актыўна замятаю сляды і знішчаю цвёрдыя дыскі. Таму яны літаральна ўварваліся ў пакой услед за маці. І вельмі здзівіліся, бо яўна не чакалі ўбачыць мяне такога. 

Адцягваць і рабіць з сябе ўсяго такога невінаватага я не збіраўся. Калі ўжо з “К” прыйшлі, то ў іх усё ёсць на мяне. Так што я нічога не стаў хаваць і ўсё адкрыта ім расказаў. Так на мяне і завялі справу па 349-м артыкуле.

Справу яшчэ расследуюць, так што суда не было. У турму мяне наўрад ці пасадзяць з-за маёй прагрэсуючай хваробы. 

“Дзяржава не можа мне дапамагчы”

З самага дзяцінства я ніколі не жаліўся і стараўся рабіць усё, што магчыма. Без усялякіх там аглядак на інваліднасць і тое, што для людзей я заўсёды нібы тая белая варона. Дзяржава зараз мае да мяне прэтэнзіі? Ну, выбачайце. Нейкім чынам захаваць маё жыццё можа толькі адзін прэпарат — SPINRAZA, кошт ужывання якога ў год складае больш за 350 тысяч еўра. Гэта ўвогуле адзіны медыкамент, які не проста робіць лягчэй, а цалкам спыняе развіццё хваробы, а ў некаторых выпадках нават паляпшае стан. Гэты прэпарат паказаў амаль стапрацэнтную эфектыўнасць у хворых па ўсім свеце. А ў Беларусі ўсё аказалася інакш.

Не так даўно маці маленькай дзяўчынкі з такім жа дыягназам (СЦА) нават спрабавала судзіцца з Мінздароўя, каб дзяржава закупіла гэты прэпарат. Аднак жа прадстаўнікі міністэрства заявілі раптам, што эфектыўнасць нідзе не даказаная і таму закупка медыкамента не з’яўляецца правільнай. Але цікава ж атрымліваецца — па ўсім свеце гэта зараз прызнаны сродак, а ў нас не.

“Я быў адзіным мужыком у сям’і!” Гісторыя паралізаванага хакера з Беларусі

Я разумею, што кошт на прэпарат проста касмічны, бо капіталісты зусім з глузду з’ехалі. Аднак жа дзяржава, у якой мы жывём, проста адмаўляецца дапамагаць людзям, якія без гэтага прэпарату памруць. У суседняй Польшчы для ўсіх хворых закупілі гэты прэпарат і ўжо нават пачалі яго ўводзіць усім, каму пастаўлены дыягназ СЦА. Ды што там, нават у Расіі ўжо зарэгістравалі прэпарат, а значыць, хутка пачнуць прымяняць.

Шкада толькі аднаго — зарабіць такія грошы я наўрад ці змагу, толькі калі не пачну “гуляць па-буйному” і займацца зусім цёмнымі справамі. А жыць я хачу.

Так што, пасля таго як скончыцца мая крымінальная справа, я сам пайду ў суд, каб паспрабаваць усё-такі даказаць, што прэпарат SPINRAZA патрэбны. Проста ўявіце, як гэта будзе выглядаць! Увесь у татухах, судзімы хакер і на калясцы будзе судзіцца з дзяржавай. А чаму б і не?

Канцэрты, татуіроўкі, блог

Быць не такім, як усе, у невялічкім горадзе кшталту Любані цяжка, тым больш што я той яшчэ маргінал. Проста ўявіце, як глядзяць людзі старэйшага ўзросту, калі міма іх на калясцы з маторчыкам пралятае ўвесь такі скручаны хлопец у татуіроўках. Часам нават уголас смяюся з рэакцыі людзей. 

Што датычыцца татуіровак, то іх усяго сем. На тыльных баках далоняў у мяне “кола фартуны”, бо я дагэтуль шмат гуляю на стаўках і ў казіно, а таксама скандынаўскі компас, які арыентуе мяне па жыцці. Таксама ў мяне ёсць выява пясочнага гадзінніка. Гэтую татуіроўку, думаю, не трэба тлумачыць — і так усё зразумела. Ёсць і малюнак кінжала. І тры надпісы на латыні, якія з’яўляюцца маімі дэвізамі: “адважным лёс дапамагае”, “жыць — значыць перамагаць” і “не вер, не бойся, не прасі”. Так што так, усе мае татуіроўкі характарызуюць мяне. Ну а зараз думаю пра тое, каб таксама “забіць” ногі.

“Я быў адзіным мужыком у сям’і!” Гісторыя паралізаванага хакера з Беларусі
“Я быў адзіным мужыком у сям’і!” Гісторыя паралізаванага хакера з Беларусі
“Я быў адзіным мужыком у сям’і!” Гісторыя паралізаванага хакера з Беларусі

Спыняцца я не збіраюся — у хуткім часе хачу набыць новую каляску са ступенькаходам, дзякуючы якому я сам здолею ездзіць дзе хачу і трапляць паўсюль. Я зараз не кажу нават пра Любань, тут і так усё зразумела. Мінск таксама далёка не цалкам прыстасаваны для людзей на калясках. Нядаўна быў на канцэрце Каржа на стадыёне “Дынама”. Новы, адрэстаўраваны стадыён, павінна ж быць усё добра. Я нават да таго, як набыў квіткі, пракансультаваўся. Сказалі, што ўсё ок, пад’ёмнікі ёсць, трапіць можна з лёгкасцю. Аднак жа, калі я прыехаў да стадыёна, давялося разам з супрацоўнікамі амаль што гадзіну шукаць гэты пад’ёмнік — ніхто нават не ведаў, дзе ён. Дык яшчэ і атрымалася, што такі ўсяго адзін на ўвесь стадыён! Дык пра якія роўныя магчымасці мы гаворым?

“Я быў адзіным мужыком у сям’і!” Гісторыя паралізаванага хакера з Беларусі

Але проста так здавацца я не збіраюся. Ужо ў хуткім часе я пачну рабіць свой уласны блог, які будзе звацца “На колах”. Буду ездзіць па горадзе, паказваць размовы з людзьмі і “безбар’ернае асяроддзе” на калясцы са ступенькаходам. Ну і таксама збіраюся набыць невялічкую машыну з адмысловым прыстасаваннем, у якую я змагу трапляць на калясцы. Сябра будзе сядаць за руль, і будзем раз’язджаць па краіне. Крута ж!

А самае галоўнае, што здавацца я не збіраюся. Не сядзець жа, як той павук, у чатырох сценах. Так што ўсё будзе крута, а мы яшчэ паваюем!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі